І найлепшым сродкам зьберагчы незалежнасьць будзе ператварэньне беларускага народу з аб’екту розных дзікіх экспэрымэнтаў у паўнапраўны суб’ект гісторыі, які мае ўласную волю й гатовы яе баранiць.
Я вельмі цешуся, што нашыя прэтэндэнты на кандыдата засьведчылі высокі, беспрэцэдэнтны для апошніх гадоў ровень палітычнае культуры, падпісаўшы прысягу пагадзіцца з вынікамі Кангрэсу й усклаўшы на сябе абавязак бараніць нашыя агульныя прынцыпы свабоды й незалежнасьці. Але гэтага сёньня мала. Неабходна, каб палітычнае пагадненьне, якое ўзяліся выконваць асноўныя палітычныя сілы, дзейнічала й пасьля Кангрэсу. Яго безумоўнае выкананьне толькі й можа рэальна прывесьці да ўтварэньня эфэктыўнай дэмакратычнай кааліцыі. Калі будзе дзейнічаць штаб адзінага кандыдата, які зарганізуе дзеяздольную вэртыкальна арганізаваную палітычную кампанію, а поруч зь ім будзе згуртаваньне адказных дэмакратычных сілаў, зьяднанае палітычным пагадненьнем.
Што яднае нас, сапраўды такіх розных? Адказ ёсьць – адказ “ад супраціўнага”. Нядаўна з высокай міжнароднай трыбуны гучна прамаўляў пэўны дзяяч. Ён заявіў, што ягоная краіна – гэта СССР, а вось краіна Беларусь “узьнікла на абломках халоднай вайны”. Шкада, калі аднаасобны валадар краіны не разумее, ня ведае, што ўзьнікла яна тысячу гадоў таму, адрадзілася ў пачатку мінулага стагодзьдзя, што народ беларускі вякамі сваім талентам і пакутамі ператрываў усе магчымыя навалы й нягоды, а вось кіраўніцтва краіны мусіць несьці адказнасьць за тое, каб свабодны й заможны беларускі народ і незалежная беларуская дзяржава працьвіталі тысячу наступных гадоў. Калі гэтага разуменьня няма, значыць, перад намі дачасьнікі, тыя, каго вабіць толькі асабістая ўлада. І таму ня варта зьдзіўляцца, што так званая “беларуская ўлада” нішчыць беларускую мову, забірае ў вернікаў цэрквы, ганьбіць краіну перад усім сьветам, бласлаўляючы нягоднікаў з так званым дзяржаўным гербам на шапках зьбіваць на пляцы жанчын.
Даручаць кіраваньне дзяржавы трэба тым, хто жыве дзеля Беларусі, хто ад дзеда-прадзеда пачуваецца адказным за свой народ. Таму будзьма ўважлівыя. Не паўтарайма памылак. Нельга, каб да ўлады прыходзілі людзі, на ўладу хворыя й гатовыя дзеля яе нават на продаж уласнай дзяржавы, як мы гэта бачым цяпер. Нельга, каб да ўлады прарываліся тыя, каму рупіць толькі асабістая помста. Нельга мяняць шыла на мыла, аднаго Лукашэнку на другога; нельга, каб Беларусь была закладніцай самаўладзтва. Трэба выбіраць таго, хто мае здольнасьць яднаць вельмі розных людзей, вельмі розныя сілы, хто мае неад’емныя жыцьцёвыя дасягненьні, улады хваравіта ня прагне, хто здольны, стаўшы прэзыдэнтам, вярнуць Беларусь на парлямэнцкую дарогу – і, калі трэба, звузіць для гэтага паўнамоцтвы прэзыдэнта альбо й зусім скасаваць гэты інстытут.
Мы ведаем, што ў беларускім грамадзтве прыблізна трэць ужо сёньня гатовая атаясаміць сябе з намі – дэмакратычнымі сіламі; што трэць вагаецца, і што яшчэ трэць традыцыйна, інэрцыйна падтрымлівае статус-кво. Часьцей за ўсё гэта іхная бяда, а не віна. Проста людзі ня ведаюць іншага жыцьця, іншых магчымасьцяў, іншае пэрспэктывы. Але з тым, што ўсе стаміліся, што патрэбная зьмена, пагодзяцца нават яны. Зьмена ідзе! Жыве Беларусь!