Ганна Соўсь: “Спадар Янукевіч, Вы былі зарэгістраваныя кандыдатам ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і ўчора заявілі, што здымаеце сваю кандыдатуру з выбараў. Чаму? Патлумачце сваю пазыцыю”.
Аляксей Янукевіч: “Самы асноўны фактар, які прымусіў мяне гэта зрабіць у цяперашніх умовах, калі відавочна нельга казаць пра тое, што выбары могуць быць дэмакратычнымі і свабоднымі, ужо цяпер гэта цалкам відавочна. Калі паступаюць сыгналі з розных эўрапейскіх краінаў, што ёсьць верагоднасьць прызнаньня гэтай Палаты гэтымі краінамі, я лічу, што такі сцэнар быў бы надзвычай небяспечным для будучыні Беларусі. І каб па магчымасьці прадухіліць такое разьвіцьцё падзеяў, я прыняў рашэньне зьняць сваю кандыдатуру”.
Соўсь: “Спадар Навасяд, Вы застаяцеся кандыдатам у дэпутаты, і будзеце працягваць удзел у кампаніі. Вашыя аргумэнты? У чым Вы ня згодныя з пазыцыяй спадара Янукевіча?
Уладзімер Навасяд: “Ёсьць дэмакратычныя народы, але ў іх на сёньняшні дзень няма ўласнай краіны. У нас ёсьць краіна, у нас ёсьць нейкая гіерархія ўлады, так званая вэртыкаль, таму, калі мы хочам зьмяніць сытуацыю да лепшага, патрэбна прымаць удзел у выбарах. Хаця многія насамрэч называюць іх не выбары, а вырабы. Таму для мяне асабіста не зьяўляецца абраньне дэпутатам самамэтай, проста я ўпэўнены, што выбары становяцца дэмакратычнымі, калі ў іх насамрэч прымаюць удзел дэмакраты”.
Соўсь: “Спадар Уладзімер, Вы былі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня. Скажыце, калі ласка, з Вашага досьведу, ці ёсьць рэальныя рычагі для ўплыву на сытуацыю ў краіне ў дэпутата. Чаго вы дамагліся, як дэпутат, чым можаце ганарыцца?”
Навасяд: “Апазыцыя становіцца дэмакратычнай сілай, калі ў яе ёсьць публічная трыбуна, за якой яна можа выказаць пазыцыю, якая адрозьніваецца ад афіцыйнай. Толькі тады дэмакраты становяцца апазыцыяй. Зараз мы ўсе простыя дэмакраты, нам яшчэ неабходна стаць апазыцыяй. Канечне, я ганаруся сваёй працай у Палаце прадстаўнікоў 2-га скліканьня, паколькі мне ўдалося распрацаваць тры законапраекты, у тым ліку аб альтэрнатыўнай службе. Я меў легальную магчымасьць працаваць у сваёй выбарчай акрузе на працягу ўсіх гэтых чатырох гадоў. І зараз, калі я працую кандыдатам у сваёй акрузе, гэта мне вельмі дапамагае”.
Соўсь: “Спадар Янукевіч, а каб Вы не зьнялі сваю кандыдатуру і трапілі ў парлямэнт, што б найперш спрабавалі зрабіць як дэпутат?”
Янукевіч: “Перадусім хачу сказаць, што ў цяперашніх умовах трапіць у гэтую палату можна, я цалкам перакананы, толькі калі будзе палітычнае рашэньне цяперашніх уладаў, палітычнае рашэньне Лукашэнкі. Калі можна сабе ўявіць, што ўсё ж было б такое рашэньне ў дачыненьні да нейкага з кандыдатаў з Партыі БНФ, у прыватнасьці да мяне, у чым я моцна маю сумнеў, то я тут згодны з Уладзімерам, што нельга рэальна ажыцьцяўляць уладу праз гэтую Палату, але можна выкарыстоўваць гэтую пазыцыю як трыбуну дзеля таго, каб агучваць тыя праблемы, якія стаяць, і дзеля таго, каб патрабаваць больш поўнай інфармацыі. Каб хаця б праз сяброў Палаты незалежнае грамадзтва магло даведвацца аб тым, што насамрэч адбываецца ў дзяржаве — у пэўных сфэрах эканомікі, бо інфармацыі татальна закрытая ад грамадзтва”.
Соўсь: “Спадар Уладзімер, многія гавораць пра складзеныя ўладамі сьпісы кандыдатаў, якія пройдуць у парлямэнт. Які Ваш прагноз, колькі дэмакратычных дэпутатаў могуць трапіць ў парлямэнт. Паводле Сяргея Калякіна, 5 кандыдатаў маюць шанцы патрапіць у парлямэнт. У нас на сайце была дыскусія на гэты конт. Які Ваш прагноз, колькі апазыцыянэраў стане дэпутатамі?”
Навасяд: “Напрыклад на маёй акрузе кандыдат ад улады — заслужаны артыст Генадзь Давыдзька, дык ён увогуле ў нейкай публікацыі выказаўся так: "Я расчараваны ў выбарніках, я ўвогуле за прэзыдэнцкую манархію". Калі такія кандыдаты становяцца ізноў дэпутатамі, то, канечне, нейкія сьпісы існуюць, бо ў здаровым розуме такіх кандыдатаў папросту ня могуць абраць дэпутатамі. Таму я зараз не валодаю інфармацыяй, апроч тых акругаў, дзе ёсьць нашы кандыдаты ад Партыі справядлівасьці і прагрэсу. Галоўнае два-тры дні да галасаваньня, таму зараз ужо такія тэндэнцыі ёсьць, калі ў школах арганізуюць сходы для тых кандыдатаў, якіх патрэбна правесьці. Гэта наконт тых сьпісаў, пра якія мы вялі размову. Я мяркую так, што шанцаў прайсьці вельмі мала, але гэтыя шанцы трэба выкарыстоўваць, да канца змагацца за гэтыя мандаты”.
Соўсь: “А Вы, спадар Янукевіч, як мяркуеце, колькі дэмакратычных кандыдатаў стануць дэпутатамі?”
Янукевіч: “Максімум гэта будзе два чалавекі, і відавочна, гэта будзе, паўтаруся, у выпадку палітычнага рашэньня. Я перакананы, што такое палітычнае рашэньне будзе прымацца ў апошні момант, як уласьціва прымаць такія рашэньні і іншага кшталту рашэньні А.Лукашэнку. Я перакананы, што гэта ня будуць самыя моцныя прадстаўнікі дэмакратычных партый”.