партыя бнф
Пра нас | Кантакты | Структуры
глядзець


АБ УСХОДНІМ ПАРТНЭРСТВЕ. Заява І.Сурвіллы, З.Пазьняка, С.Шушкевіча й А.Казуліна

Мы вітаем ідэю “Усходняга партнэрства” і выказваем прызнаньне Эўразьвязу за ўключэньне ў гэтую праграму Рэспублікі Беларусь.
Мы разумеем важнасьць агульных задачаў, якімі кіруецца Эўразьвяз, прапануючы новы падыход у дачыненьні да антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі, які мэтанакіравана зьнішчае грамадзянскую супольнасьць у Беларусі.
Мы лічым, аднак, што забесьпячэньне правоў грамадзянскай супольнасьці і кожнага чалавека павінна стаць ўмовай дачыненьняў з аўтарытарнай уладай Аляксандра Лукашэнкі і мусіць быць адзначаная ў пратакольнай частцы партнэрства. Удзел грамадзянскай супольнасьці ва “Усходнім партнэрстве” стане гарантыяй пазытыўных крокаў, будзе ствараць магчымасьці станоўчага выбару для існуючай улады. Бяз гэтага ўдзелу Партнэрства не асягне станоўчых вынікаў і будзе скарыстана антыдэмакратычным рэжымам для апраўданьня сваёй разбуральнай дзейнасьці.
Мы засяроджваем увагу на антыкультурным характары рэжыму Лукашэнкі. Побач з разбурэньнем грамадзкай дзейнасьці і зламаньнем правоў чалавека гэты рэжым метадычна зьнішчае беларускую культуру, адукацыю і творчасьць, нацыянальную гістарычную навуку, а паўсюдную русіфікацыю зрабіў галоўнай асновай сваёй антыкультурнай палітыкі. Культура ў сучасным сьвеце становіцца адным з галоўных чыньнікаў суверэнітэту. Русіфікацыя і зьнішчэньне культуры павялічвае адмоўны ўплыў праімпэрскіх колаў расейскай палітыкі на Беларусі.
У прыярытэтных накірунках дзейнасьці “Усходняга партнэрства” мы хацелі б бачыць дапамогу па зьберажэньні беларускай культуры ад сістэматычнага вынішчэньня антыбеларускім рэжымам. Мы прапануем да тых пяці пазыцыяў, вылучаных з 12-ці патрабаваньняў Эўразьвязу да ўлады ў Беларусі, дадаць шосты пункт аб забесьпячэньні свабоднага разьвіцьця беларускай культуры, адукацыі і творчасьці.
Мы лічым, што прыярытэтнымі накірункамі супрацоўніцтва ў галіне эканомікі маглі б стаць энэргетыка і дыверсіфікацыя паставак энэргетычных рэсурсаў, менавіта – інвестыцыі ў праектную і тэхналягічную дзейнасьць па транспартыроўцы энэргетычных рэсурсаў (нафты, газу, электрычнасьці).
Лічым неабходным таксама скасаваньне ўсіх перашкодаў з боку ўлады ў галіне доступу насельніцтва да інфармацыі і культурна-асьветніцкіх праектаў. Спрашчэньне візавага рэжыму і зьмяншэньне коштаў за візы для грамадзянаў Беларусі спрыяла б узаемаабмену думак і разуменьню дэмакратычнага ладу жыцьця.
Мы хацелі б прыцягнуць увагу палітыкаў Эўразьвязу да сігналаў аб выпрацоўцы сумеснай стратэгіі Лукашэнкам і яго ўсходнімі саюзьнікамі ў дачыненьні да “Усходняга партнэрства.” На наш погляд, калі недаацаніць гэты чыньнік і не падключыць да праграмы “Усходняга партнэрства” ўсіх сілаў Рэспублікі Беларусь (уключна з эміграцыяй), то пэрспэктывы Партнэрства ў Беларусі могуць не разьвіцца, або спыніцца (што найгорш) на ўзроўні фактычнага прызнаньня і легітымізацыі недэмакратычнага рэжыму.
Адчуваючы адказнасьць за наш народ, мы зацікаўленыя ў жыцьцяздольнасьці партнэрскай праграмы. Мы спадзяемся, што наша пазыцыя будзе пачута і падтрымана ініцыятарамі і ўсімі ўдзельнікамі “Усходняга партнэрства.”

6 траўня 2009 г. Прага

Івонка Сурвіла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі,
Зянон Пазьняк,
кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 1994 г.
Станіслаў Шушкевіч,
кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 1994 г.
Аляксандар Казулін,
кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 2006 г.

13 траўня 2009
Раздрукаваць


Па гэтай тэме:

партыя бнф
RSS падпiскаСтужка
навінаў у RSS
10.03.2010 15:17
 
Намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Канапацкі паведаміў БелаПАН, што большасьці прадстаўнікоў партыі адмаўляюць ва ўключэньні ва ўчастковыя выбарчыя ...
10.03.2010 10:42
 
Адказны сакратар Партыі БНФ, юрыст Уладзімер Лабковіч ня ўключаны ў склад участковай камісіі ў горадзе Менску. Уладзімер Лабковіч вылучаўся ад Партыі БНФ ў адну з участковых ...
6.03.2010 14:35
 
Партыя БНФ вылучыла 206 сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. У Менску вылучана 68 прадстаўнікоў.



Моладзь БНФ
Форум за незалежнасьць
Блёгi
Партнэрскія сайты

   
 
     
 
беларускі народны фронт
© 2002— 2009 Партыя БНФ.
Усе правы абароненыя.
навігацыя
г. Менск, пр. Машэрава, 8
а/c: 2200005
e-mail: pbnf@pbnf.org
тэл.: (17) 284-50-12
 
 
   
     
 
 
     
 
Design & Developed by Nick Antipov