партыя бнф
Пра нас | Кантакты | Структуры
глядзець


Пра ўзаемадачыненьні Рэспублікі Беларусі і Рады Эўропы. Пазыцыя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў

Каштоўнасная аснова Рады Эўропы грунтуецца на дэмакратычным ладзе краінаў-чальцоў. Гэта “адданасьць духоўным і маральным каштоўнасьцям, якія ёсьць агульным набыткам іх народаў і сапраўднаю крыніцаю прынцыпаў свабоды асобы, палітычнай свабоды і вяршэнства Права, якія ляжаць у аснове любой сапраўднай дэмакратыі” (Статут Рады Эўропы, прэамбула).

Паводле Статута Рады Эўропы, “мэтаю Рады Эўропы ёсьць дасягненьне большага адзінства паміж ягонымі членамі дзеля абароны і ажыцьцяўленьня ідэалаў і прынцыпаў, якія ёсьць іх агульным набыткам, і спрыяньне іх эканамічнаму і сацыяльнаму прагрэсу. (…) Кожны член Рады Эўропы павінен прызнаваць прынцып вяршэнства Права і прынцып, паводле якога ўсе асобы, якія знаходзяцца пад яго юрысдыкцыяй, павінны карыстацца правамі чалавека і асноўнымі свабодамі, і шчыра і актыўна супрацоўнічаць у імя дасягненьня мэты Рады (…)”(Статут Рады Эўропы, арт. 1, 3).

Толькі эўрапейская дзяржава, якая здольная і імкнецца адпавядаць названым мэтам і прынцыпам, можа быць запрошаная камітэтам міністраў стаць Членам Рады Эўропы (Статут Рады Эўропы, арт. 4).

Паводле палітычнага мандату Рады Эўропы, вызначанага трэцім Самітам Кіраўнікоў Дзяржаваў і Ўрадаў у Варшаве ў траўні 2005 г., мэтамі арганізацыі ёсьць:

“- абарона правоў чалавека, плюралістычнай дэмакратыі і ўлады закону;

- падтрымка ўсьведамленьня і заахвочваньне разьвіцьця культурнай тоеснасьці і разнастайнасьці Эўропы;

- пошук супольных рашэньняў праблемаў, зь якімі сутыкаецца эўрапейскае грамадзтва, такіх, як дыскрымінацыя мяншыняў, ксэнафобія, нецярпімасьць, біяэтыка і клянаваньне, тэрарызм, гандаль людзьмі, арганізаваная злачыннасьць і карупцыя, кібэрзлачыннасьць, гвалт над дзецьмі;

- умацаваньне дэмакратычнай стабільнасьці ў Эўропе праз падтрымку палітычнай, заканадаўчай і канстытуцыйнай рэформы”.

* * *

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі цалкам падзяляюць каштоўнасьці, мэты і прынцыпы Рады Эўропы і ставяць сваёй мэтай іх увасабленьне ў нашай краіне.

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы канстатуюць, што цяперашнія ўлады Беларусі ў сваёй заканадаўчай дзейнасьці і правапрымяняльнай практыцы сыстэматычна супярэчаць каштоўнасьцям, мэтам і прынцыпам Рады Эўропы, груба парушаючы правы чалавека і асноўныя свабоды, у тым ліку палітычныя.

Мы разглядаем пэрспэктыву прыняцьця Беларусі ў Члены Рады Эўропы як інструмэнт, шанец і стымул для вяртаньня дэмакратыі ў нашу краіну.

Аднак безумоўнае запрашэньне ў гэтую міжнародную арганізацыю без унутраных сыстэмных зьменаў у краіне, пры захаваньні цяперашніх антыдэмакратычных закандаўства і практыкі яго ўжываньня, толькі закансэрвуе і нават пагоршыць становішча ўнутры Беларусі, прывядзе да размываньня крытэраў членства ў Радзе Эўропы, да сытуацыі падвойных стандартаў.

Таму для рэалізацыі гэтай мэты патрэбныя ясныя для ўсіх бакоў стратэгічныя прынцыпы, зь якіх вынікаюць практычныя захады.

1. Мы падтрымліваем прапанову Палітычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы для забесьпячэньня ўсебаковасьці, аб’ектыўнасьці і празрыстасьці дыялёгу зь Беларусьсю стварыць на парытэтнай аснове з прадстаўнікоў уладных структураў і дэмакратычных сілаў экспэртную групу. Лічым неабходным і прапануем ПАРЭ распрацаваць рэглямэнт дзейнасьці групы з мэханізмам публічнай справаздачнасьці.

2. Прапануем даручыць названай групе на працягу 4 месяцаў распрацаваць “падарожную мапу”, г.зн. каляндарны паэтапны плян набліжэньня да мэты.

3. Вяртаньне Рэспубліцы Беларусі статусу спэцыяльна запрошанай у РЭ краіны , а ў далейшай пэрспэктыве наданьне ёй поўнага членства ў РЭ магчымае толькі ў адпаведнасьці з арт. 4 Статута РЭ, г.зн. улады Беларусі павінны выявіць здольнасьць і імкненьне адпавядаць мэтам і прынцыпам арганізацыі. Таму:

3.1. Для пачатку перамоваў аб вяртаньні статусу спэцыяльна запрошанай краіны неабходна пачаць зьмены палітычнай атмасфэры ў кірунку даверу, для чаго вызваліць усіх палітычных вязьняў (зьняволеных паводле палітычных матываў), адмяніць наступствы ўсіх іншых рэпрэсіўных захадаў палітычнага характару (звальненьні з працы і выключэньне з унівэрсытэтаў, гвалтоўны прызыў у войска непрыдатных да службы, забарона друку і продажу ўсёй незалежнай прэсы), скасаваць або прынамсі накласьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.У ходзе перамоваў улады павінны прадэманстраваць здольнасьць і імкненьне адпавядаць мэтам і прынцыпам РЭ, узяўшы на сябе акрэсьленыя ў часе абавязкі і на практыцы распачаўшы сфармуляваныя Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі зьмены ў выбарчым заканадаўстве, заканадаўстве аб мас-мэдыях і свабодзе выказваньня, крымінальным заканадаўстве, заканадаўстве аб дзейнасьці грамадзкіх, палітычных, прафсаюзных, рэлігійных арганізацыяў, а таксама спыніўшы дыскрымінацыю грамадзянаў паводле моўна-культурнай прыкметы.

3.2. Перамовы аб вяртаньні статусу спэцыяльна запрошанай у РЭ краіны павінны мець вынікам падпісаньне Беларусьсю:

- Канвэнцыі абароны правоў і асноўных свабодаў і такім чынам прызнаньне ёю юрысдыкцыі Эўрапейскага суду па правах чалавека;
- Эўрапейскай Хартыі мясцовага самакіраваньня.

Падпісаньне мае на ўвазе адаптацыю нацыянальнага заканадаўства да названых дакумэнтаў.

3.3. Правядзеньне выбараў усіх узроўняў паводле стандартаў АБСЭ.

4. Запрашэньне Беларусі стаць Членам Рады Эўропы адбываецца пасьля вычарпальнага выкананьня пп. 1-3.

Распрацаваў В.Вячорка.
Ухвалена Прэзыдыюмам АДС 15 красавіка 2009 г.

17 траўня 2009
Раздрукаваць


Па гэтай тэме:

партыя бнф
RSS падпiскаСтужка
навінаў у RSS
10.03.2010 15:17
 
Намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Канапацкі паведаміў БелаПАН, што большасьці прадстаўнікоў партыі адмаўляюць ва ўключэньні ва ўчастковыя выбарчыя ...
10.03.2010 10:42
 
Адказны сакратар Партыі БНФ, юрыст Уладзімер Лабковіч ня ўключаны ў склад участковай камісіі ў горадзе Менску. Уладзімер Лабковіч вылучаўся ад Партыі БНФ ў адну з участковых ...
6.03.2010 14:35
 
Партыя БНФ вылучыла 206 сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. У Менску вылучана 68 прадстаўнікоў.



Моладзь БНФ
Форум за незалежнасьць
Блёгi
Партнэрскія сайты

   
 
     
 
беларускі народны фронт
© 2002— 2009 Партыя БНФ.
Усе правы абароненыя.
навігацыя
г. Менск, пр. Машэрава, 8
а/c: 2200005
e-mail: pbnf@pbnf.org
тэл.: (17) 284-50-12
 
 
   
     
 
 
     
 
Design & Developed by Nick Antipov