партыя бнф
Пра нас | Кантакты | Структуры
глядзець


Камень на дарозе ў Еўропу: У чым разышліся падыходы Партыі БНФ і Аляксандра Мілінкевіча?

Вось ужо каторы месяц не сціхаюць спрэчкі і гучныя скандалы ў кіраўніцтве Партыі БНФ. Падобна на тое, што партыю проста расцягваюць у розныя бакі і яна знаходзіцца на мяжы сапраўднага расколу. У бліжэйшую суботу нават пройдзе сход партыйнага актыву, на якім старшыня Партыі БНФ будзе раіцца з аднапартыйцамі: што рабіць? Напярэдадні з’езда з’явілася інфармацыя, што пасаду кіраўніка партыі бліжэйшым часам можа заняць Віктар Івашкевіч.
Што ж на самай справе адбываецца? Пра гэта наша размова з Віктарам ІВАШКЕВІЧАМ.

— Ужо шырока распаўсюдзілася інфармацыя, што вас, Віктар, Лявон Баршчэўскі рыхтуе на пасаду старшыні Партыі БНФ, на замену сабе. Вы сапраўды рыхтуецеся на замену Баршчэўскаму?

— Інфармацыя правільная, але ў ёй няправільна расстаўлены акцэнты.

Лявон Баршчэўскі гатовы, калі з’езд партыі падтрымае, вылучацца ад партыі кандыдатам на пасаду прэзідэнта і прымаць удзел у абранні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл, калі АДС сапраўды будуць абіраць “адзінага”. Мы ўжо выступілі са сваімі прапановамі, як выбіраць “адзінага кандыдата”, мы лічым, што ён патрэбен, але калі прапанова не будзе прынята, то Лявон Баршчэўскі пойдзе на выбары як кандыдат ад нашай партыі.

З іншага боку, мы добра разумеем, што ў нашых умовах кандыдат у прэзідэнты не павінен быць жорстка завязаны на адну партыйную структуру, яму так ці іначай трэба будзе ствараць кааліцыю, і ў гэтым сэнсе шараговаму сябру партыі прасцей дамаўляцца з іншымі партыямі. Але апорай усёй гэтай работы кандыдата Баршчэўскага, як мы бачым, будзе менавіта Партыя БНФ, і старшыня партыі ў дадзеным выпадку будзе выконваць функцыі начальніка штаба кандыдата ў прэзідэнты. Вось у гэтай ролі Лявон Пятровіч і бачыць мяне — на пасадзе старшыні партыі ў супрацоўніцтве з Баршчэўскім як кандыдатам у прэзідэнты.

Так што гэта не замена. Замена была б, калі б Баршчэўскі вырашыў сысці назад у творчую працу альбо ў педагагічную ці навуковую дзейнасць, каб ён хацеў застацца на пасадзе, а я яго прыспешваў. У дадзеным выпадку мы плануем працягнуць супрацоўніцтва.

Чаму Баршчэўскі выбраў менавіта мяне? Як ён сам сказаў: “Для працы дзеля працы, а не дзеля дыскусій”. І я згодны: кіраўнік партыі, якая вылучае кандыдата на пасаду прэзідэнта, павінен з гэтым кандыдатам працаваць, а не дыскуціраваць.

— Ці верыце вы ўвогуле, што будзе адзіны кандыдат ад дэмсіл? Якая рэакцыя калег па дэмакратычнай кааліцыі на вашы прапановы па выбарах “адзінага”?

— Падчас падрыхтоўкі гэтага дакумента мы мелі вельмі цесныя кансультацыі з АГП, а калі канкрэтна — з намеснікам старшыні партыі Львом Марголіным. Таму я так разумею, што АГП гатова падтрымаць прапановы. Увогуле, пакуль супраць ніхто не выказаўся. Скажу больш: за тое, што дэмакратам трэба выбіраць аднаго кандыдата, прагаласаваў увесь прэзідыум АДС — і Сяргей Калякін, і прадстаўнік Руху “За свабоду” Кавалец... Іншая справа, што кожны з лідэраў партый, магчыма, бачыць у якасці “адзінага” самога сябе...

Наша прапанова вельмі простая. Яна прадугледжвае, што людзі прыйдуць і прагаласуюць за таго прэтэндэнта, якога лічаць найлепшым. Вось і ўсё! А далей — ідзі, кандыдат, сустракайся з выбаршчыкамі, раскідвай лістоўкі, працуй...

Я лічу, што няма ніякай анекдатычнасці і ў нашай прапанове, каб прэтэндэнты абавязкова ўклалі грошы ў выбарчую кампанію. Некаторыя супраць, кажуць, што ў такім выпадку не будзе роўных умоў. Дык і не трэба роўных умоў! Навошта? Каб усялякі бомж мог прыйсці з падваротні і сказаць: “Хачу быць кандыдатам у прэзідэнты”? Зрабіць з усяго балаган? Гэта нікому не патрэбна. Таму мы прапанавалі, каб кожны прэтэндэнт унёс у выбарчы фонд 20 мільёнаў рублёў. З улікам патрэб выбарчай кампаніі гэта не шмат. Скажам, з’езд Партыі БНФ будзе каштаваць болей.

— Як вядома, зараз у Партыі БНФ ёсць розныя плыні. Адна — у накірунку кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сіл, другая — у бок Руху “За свабоду”. У сувязі з гэтым старшыня партыі нават прызначыў на бліжэйшую суботу партыйны сход. Ці адбудзецца гэтае мерапрыемства, бо шмат дзе гучаць заклікі не ехаць на сход, Баршчэўскага вінавацяць у незаконнай дзейнасці, бо сходы не прадугледжаны Статутам партыі і так далей?

— Сход як нарада фронтаўцаў адбудзецца ў любым выпадку, колькі б людзей на яго ні прыйшло. Я ўвогуле не разумею праблемы. Старшыня заклікаў: “Калі ласка, усіх, хто жадае, запрашаю на сустрэчу, трэба параіцца”. Што тут можа быць незаконнага? У такім мерапрыемстве не можа быць сарваны кворум, бо ўвогуле кворуму няма: хто прыйшоў — той і раіцца, а астатнім, магчыма, і так усё зразумела. Гэта не замена з’езда альбо сойма, гэта нарада, яе рашэнні носяць выключна рэкамендацыйны характар. Сход — гэта аналіз грамадскай думкі ўнутры партыі. Дэлегаты з’езда, як мы спадзяёмся, у верасні будуць зважаць на вынікі гэтай нарады, але не абавязаны гэта рабіць.

Таму сход адбудзецца ў любым выпадку. І насамрэч галоўнае пытанне, адказ на якое мы шукаем, — “Што рабіць?”. Рух “За свабоду” дае свой адказ на гэтае пытанне: трэба дапамагаць праекту еўрапейцаў па ўцягванні Беларусі ў еўрапейскія структуры. Добра! Можа, і вельмі трэба! Але гэта справа трох-пяці чалавек, якія займаюцца міжнароднымі сустрэчамі. Што рабіць у Заводскім раёне Мінска? Што рабіць у Горках? Што рабіць у Глыбокім?..

Чым павінен займацца кандыдат у прэзідэнты? Мілінкевіч адказвае — шукаць падтрымку народа. Але што ён павінен рабіць, чым займацца?.. Наколькі трэба ўлічваць эканамічны крызіс у палітычнай дзейнасці? Бо тое, што прапануе Мілінкевіч, крызіс не ўлічвае, і Мілінкевіч асабіста, і ягоныя паплечнікі зараз устрымліваюцца ад крытыкі дзеянняў улады.

Як я бачу па выніках сустрэч з людзьмі, грамадству пляваць на розныя формы еўрапейскасці. Людзі шчыра гавораць: “Пры чым тут ваша еўрапейскасць? Мы заробкі губляем, цэны растуць, што нам рабіць? А вы пра нейкае “Усходняе партнёрства”...” Мілінкевіч так лічыць, ён абірае “еўрапейскасць”... Карацей, пытанняў шмат.

На маю думку (і пра гэта я буду гаварыць на сходзе), у дзейнасці Фронту трэба канцэнтраваць увагу на тым, як працаваць з беларускім грамадствам у рэальных умовах, а рэальныя ўмовы ўсё ж такі на сённяшні дзень дыктуюцца крызісам. І тут ёсць прапановы. На гэтым сходзе мы іх агучым і абмяркуем, каб быў час асэнсаваць, падумаць, паразважаць да з’езда ў верасні. І я лічу, што на задні план павінна адысці абмеркаванне персаналіяў: спачатку трэба вырашыць, чым займацца, а ўжо сыходзячы з гэтага вырашаць, наколькі той ці іншы палітык адпавядае таму аб’ёму работы, які трэба выканаць кандыдату ў прэзідэнты.

— Называлася яшчэ адна праблема, якую павінен вырашыць сход, — вызначыцца з тым, ці маюць права члены партыі, нават кіраўнікі партыі, адначасова працаваць і на Партыю БНФ, і на Аляксандра Мілінкевіча...

— Сход гэтага вырашыць не можа. Людзі, якія збяруцца, могуць толькі выказаць меркаванне на гэты конт. Вырашаць гэтае пытанне таксама будзе з’езд.

— А якое ваша асабістае меркаванне на гэты конт?

— Я лічу, што недарэчная сітуацыя, калі намеснік старшыні Партыі БНФ Івашкевіч прымае ўдзел у сумеснай нарадзе з намеснікам старшыні партыі Губарэвічам, які аспрэчвае маю пазіцыю, пазіцыю старшыні партыі, заяўляючы: “Тут я, Губарэвіч, прысутнічаю як намеснік старшыні Руху “За свабоду”...” А праз некаторы час ён ужо выказваецца як намеснік старшыні Партыі БНФ. Гэта ж нейкая шызафрэнія! Яна шкодная і для самога Губарэвіча, бо нялёгка вызначыцца, дзе і калі ты ў якой іспастасі, а па-другое, гэта, натуральна, шкодна і для ўсёй дзейнасці як партыі, так і Руху “За свабоду”.

— А ў чым ваша прынцыповае разыходжанне з Рухам “За свабоду”?

— У сваім звароце, які быў надрукаваны ў “Народнай Волі” і разасланы палітычным актывістам, Мілінкевіч піша, што на сённяшні дзень апазіцыя падзялілася на дзве часткі: адна частка лічыць сваёй галоўнай задачай змагацца з Аляксандрам Лукашэнкам, другая — што трэба не змагацца з Лукашэнкам, а выступаць за тое, каб Беларусь ішла ў Еўропу. Але справа вось у чым: я лічу, што галоўнай перашкодай еўрапеізацыі Беларусі і пагрозай незалежнасці Беларусі з’яўляецца менавіта рэжым Аляксандра Лукашэнкі. І для таго, каб нам адкрыць дзверы ў Еўропу, трэба прыбраць гэты камень з дарогі. А з кантэксту прапаноў Мілінкевіча атрымліваецца, што, на ягоную думку, можна ісці ў Еўропу, не змагаючыся, разам з Лукашэнкам. На маю думку, гэта няправільны пасыл і, адпаведна, дасягнуць мэты будзе немагчыма: Беларусь з Лукашэнкам еўрапейскай краінай не стане.

Вось такое прынцыповае разыходжанне. А ўжо зыходзячы з гэтага, сапраўды, атрымліваецца, што мы выбіраем розныя тактыкі дзеянняў. Калі я кажу, што, каб прыбраць рэжым з нашай дарогі ў Еўропу, трэба ісці да прахадной Трактарнага завода, МАЗа, “Інтэграла” і гэтак далей, то для Мілінкевіча і тых, хто ідзе ў Еўропу разам з Лукашэнкам, больш прымальныя іншыя “маршруты” — ім трэба ісці ў прыёмныя розных еўрапейскіх і беларускіх кіраўнікоў. Дарэчы, я разумею, што паходы Мілінкевіча і ягонай каманды ў прыёмныя Макея, Рыгоні, Саланы і гэтак далей, у прынцыпе, не перашкаджаюць і нават маглі б спрыяць маёй працы ўнутры Беларусі. Можа, яны там каго ўгаварылі б, каб Івашкевіча і такіх, як ён, АМАП біў не надта моцна. І за гэта дзякуй! Але не трэба, каб Мілінкевіч і ягоная каманда стаялі перашкодай паміж намі, тымі, хто не бачыць годнага будучага для краіны з гэтым рэжымам, і ўладай. Ідзі стань побач з Лукашэнкам, з Рыгоні ці яшчэ з кім, а тут — паміж Лукашэнкам і апазіцыяй — не стой. Гэта сапраўды праблема, бо Рух “За свабоду” сцвярджае, што Мілінкевіч — галоўны апанент Аляксандра Лукашэнкі, што яны — адзіны цэнтр супраціву і гэтак далей... Мілінкевіч сцвярджае, што будзе змагацца за перамогу на прэзідэнцкіх выбарах, а калі пачынаеш разбірацца, то аказваецца — не за перамогу.

Тут проста адбываецца падмена паняццяў і блытаніна функцый. Таму што асветніцкая праца па змяненні ментальнасці людзей ёсць нармальная праца няўрадавых арганізацый, разлічаная на доўгі час, і, у прынцыпе, Рух “За свабоду” гэтым займаецца. Кампанія “Разам!”, бардаўскія канцэрты і гэтак далей — гэта ўсё вельмі карысна, гэта праца няўрадавых арганізацый, якая разлічана на тое, што змены ў краіне калі і адбудуцца, то праз дзесяць, дваццаць і болей гадоў. Але палітычныя партыі павінны змагацца за ўладу зараз — гэта галоўная функцыя партый, пра гэта нават у законе напісана, таму не трэба блытаць палітыку з асветніцкімі “круглымі сталамі”. Я ўпэўнены: самая горшая партыя ў змаганні за ўладу будзе больш эфектыўнай, чым, напрыклад, самае лепшае Таварыства беларускай мовы. А ў нас дык і ўвогуле нейкі абсурд атрымліваецца: чалавек у адным пакоі выступае як кандыдат у прэзідэнты, пераходзіць у другі — ён ужо кіраўнік непалітычнай грамадскай арганізацыі, выйшаў у трэці пакой — ён ужо праваабронца і так далей... Гэта нейкае несусветнае глупства!

— Але, як я вас зразумела, Рух “За свабоду” падтрымаў прапанову, каб на прэзідэнцкіх выбарах быў адзін кандыдат ад дэмакратаў...

— Не выключана, маючы на ўвазе, што гэтым “адзіным” стане менавіта Аляксандр Мілінкевіч...

— І не выключана, што менавіта так і адбудзецца. Калі ў выніку “адзіным” зноў стане Мілінкевіч, асабіста вы будзеце працаваць у ягонай камандзе?

— Асабіста я ў любым варыянце буду працаваць на тое, каб сацыяльнае незадавальненне людзей, што выклікана эканамічным крызісам, пераходзіла ў палітычную дзейнасць па змене кіруючага рэжыму на дэмакратычны. Хто б ні быў кандыдатам, я ўсё роўна буду гэтым займацца. Лічу, што гэтым павінен займацца і кандыдат. Але калі атрымаецца, што кандыдат скажа: “Не, я бяру на сябе асветніцкую дзейнасць, а ты, калі хочаш, — ідзі да прахадных заводаў”, то пайду і без яго.

— А ёсць упэўненасць, што прадстаўнікі Руху “За свабоду” будуць працаваць на адзінага кандыдата ў выпадку, калі ім стане не Мілінкевіч, а Баршчэўскі, альбо Лябедзька, альбо нехта Пятроў-Сідараў?

— Думаю, што пераважная большасць сяброў Руху — шчырыя праціўнікі дзеючага рэжыму, і таму, на мой погляд, яны будуць працаваць. Праўда, у тых формах, на якія яны здольныя. Калі агітацыйная кампанія за кандыдата-дэмакрата будзе весціся ў тым ліку і пры дапамозе бардаўскіх канцэртаў, — супер! Але давайце рабіць кожны тое, што ўмее: калі чалавек праводзіць семінары, ён наўрад ці будзе крычаць на плошчы ў мегафон, а з другога боку, той, хто практыкуецца на вулічных акцыях, не заўсёды выседзіць той семінар... Найбольш аб’ектыўныя выбары “адзінага” будуць, калі мы ў працэс вызначэння кандыдата ўцягнем не толькі тых актывістаў, якія адначасова кіруюць усімі рэгіянальнымі суполкамі, якія ёсць: ён і рух, і БНФ, і ТБМ, і праваабарончы цэнтр, і усё-ўсё... Калі не толькі ім дазваляць выбіраць, а падцягнуць хаця б чытачоў незалежнай прэсы — каб любы чалавек мог прыйсці і прагаласаваць за таго ці іншага прэтэндэнта, то такое апытанне будзе нашмат больш аб’ектыўным.

Дарэчы, звярніце ўвагу, наколькі вострай была барацьба ўнутры эміграцыі і як хутка сціхлі спрэчкі, калі быў аб’яўлены так званы “Белы паход”. Нашы актывісты дэмакратычнага руху таксама знаходзяцца ў своеасаблівай унутранай эміграцыі, усе людзі энергічныя, з амбіцыямі. Але я спадзяюся, што як толькі пачнецца “паход” — прэзідэнцкія выбары, спрэчкі скончацца.

— Але нельга не заўважыць, што ўсё больш актывістаў ужо не гатовы ісці на барыкады, яны шукаюць нейкія прасцейшыя шляхі для палітычнага існавання...

— А гэта і ёсць тыя самыя агонь, вада і медныя трубы. Ты лёсам закінуты ў гэты агонь: б’юць цябе — і ты б’ешся, апынуўся ў гэтым асяродку — і вымушаны гуляць па гэтых правілах... Тыя, хто прыйшоў у БНФ у 1989 годзе, былі і з мегафонамі, і з мікрафонамі ў парламенцкай зале, і з кабінетамі, і ў пастарунку... Такіх у партыі засталося няшмат, але яны прайшлі і агонь, і ваду, і медныя трубы. З другога боку, ёсць людзі, якія не ішлі ў апазіцыю асэнсавана, іх проста рэжым выпхнуў. Альбо ёсць моладзь, якая пасля 1991 года рыхтавалася да таго, што цывілізавана, у касцюмчыку-гальштучку будзе ўдзельнічаць у дэмакратычных працэсах, іх вучылі гэтаму ў Еўропе, яны бачылі, як гэта ўсё існуе ў Еўропе. Але ж у Беларусі “дэмакратыя” вядомая — дубінай па спіне, кулаком у морду... І вось у такіх людзей раптам з’явілася надзея: а можа, дазволяць, а можа, будзем, як людзі... Няхай не адразу ў сваім кабінеце, няхай на прыстаўным стульчыку ў прыёмнай таго ж Макея, але гэта ўсё ж лепш, чым бегаць па завуголлях... Карацей, улада паманіла — і вось ён вынік. Чалавек жа слабы. Адны кажуць: “Я ўжо стары, мне хочацца чагосьці ад жыцця мець”. Другія кажуць: “Я яшчэ малады, мне трэба жыццё будаваць”. І ў гэтым сэнсе “выбарачная лібералізацыя”, якую так вітае Еўропа, на самай справе — просты іспыт на чалавечыя слабасці. Тактыка ўлады ўжо зразумелая: ніякіх істотных змен яна не рыхтуе, але асобных дзеячаў, якія прадэманструюць “трезвомыслие”, абяцае заўважыць. Ёсць спакуса! Але я ўпэнены, што большасць людзей у беларускай апазіцыі — людзі прыстойныя, якія прынцыпамі не гандлююць.

А тым, хто сумняваецца, як лепей, як прыстойна паводзіць сябе ў такой сітуацыі, хто яшчэ не вырашыў, чым можна паступіцца, а чым — не, раю чытаць класіку. Напрыклад, цудоўны аповед Салтыкова-Шчадрына “Ліберал”. Ну, нібы з нас сённяшніх напісана!

P.S. Аповед Салтыкова-Шчадрына “Ліберал” чытайце ў наступным нумары.

Народная воля

19 чэрвеня 2009
Раздрукаваць


Па гэтай тэме:

партыя бнф
RSS падпiскаСтужка
навінаў у RSS
12.03.2010 12:33
 
У Вялейскім раёне ні сяброў Партыі БНФ, ні сяброў Партыі АГП не ўключылі ў склад выбарчых камісіяў. Сябры Партыі БНФ 3 сакавіка атрымалі адмову аб уключэньні ў Вялейскую раённую ...
12.03.2010 12:19
 
Намесьнік старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Канапацкі падаў дакумэнты для вылучэньня ў кандыдаты ў дэпутаты Менскага гарсавету. Вадзім Канапацкі вылучаецца ...
12.03.2010 12:09
 
На сходзе ініцыятыўнай групы па правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму ад 28 лютага 2010 года было прынятае рашэньне ініцыяваць збор подпісаў за правядзеньне рэфеэрэндума па ...



Моладзь БНФ
Форум за незалежнасьць
Блёгi
Партнэрскія сайты

   
 
     
 
беларускі народны фронт
© 2002— 2009 Партыя БНФ.
Усе правы абароненыя.
навігацыя
г. Менск, пр. Машэрава, 8
а/c: 2200005
e-mail: pbnf@pbnf.org
тэл.: (17) 284-50-12
 
 
   
     
 
 
     
 
Design & Developed by Nick Antipov