Лявон БАРШЧЭЎСКІ, старшыня Партыі БНФ. Гарантыя незалежнасьці - дэмакратыя. - Народная воля
 За час пасьля сфальшаваных парлямэнцкіх выбараў 2008 г. адбыліся й адбываюцца працэсы, якія істотна зьмяняюць беларускае палітычнае поле.
Цягам паўгадавога выпрабавальнага тэрміну (14 кастрычніка 2008 – 13 красавіка 2009 г.) улада не зрабіла ніводнага кроку дзеля зьменаў выбарчага заканадаўства і практыкі. Тое самае трэба сказаць пра іншыя галіны заканадаўства, якія вымагаюць дэмакратызацыі паводле крытэраў, ухваленых увосень 2008 г. як БНФ і Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі Беларусі ў цэлым, так і Эўрапейскім Парлямэнтам ды Эўрапейскай Камісіяй.
У Беларусі захаваўся інстытут палітычных вязьняў. Так, за кратамі без суду і нармальнага сьледзтва ўтрымліваюцца вязьні сумленьня, лідэры ваўкавыскіх прадпрымальнікаў М.Аўтуховіч, М.Асіпенка і Ю.Лявонаў. Ажыцьцяўляюцца індывідуальныя ды інстытуцыянальныя палітычныя рэпрэсіі іншага кшталту – перадусім звальненьні з працы, палітычны прызыў у войска і г.д.
У гэтых варунках частка палітыкаў краінаў Эўрапейскага Зьвязу зьмяніла прынцыповае стаўленьне да антыдэмакратычнага рэжыму А.Лукашэнкі на “прагматычнае” і спрабуюць навязаць ляяльную мадэль паводзінаў асобным прадстаўнікам беларускай апазыцыі.
Паводле пуцінскага ўзору
У Беларусі намеціўся сцэнар стварэньня “кіраванай апазыцыі” паводле пуцінскага ўзору “сувэрэннай дэмакратыі”, задача якога – дэзарыентаваць грамадзтва і паралізаваць волю народу да зьменаў. У гэты працэс ужо ўцягнутыя некалькі палітычных арганізацыяў і лідэраў.
Замест інстытуцыянальнага дыялёгу паміж уладай і дэмакратычнымі сіламі грамадзтву прапаноўваецца яго імітацыя і прафанацыя ў выглядзе каардынацыйных саветаў з прызначанымі ўладай удзельнікамі. У той жа час, напрыклад, законную спробу дэмакратычных сілаў пачаць збор подпісаў за зьмену выбарчага заканадаўства заблякавала ўлада.
Адбываецца разьмежаваньне палітычных сілаў, дагэтуль фармальна апазыцыйных антыдэмакратычнай і антыбеларускай уладзе, на тых, хто ідзе на супрацу зь ёю, і тых, хто пасьлядоўна адстойвае каштоўнасьці незалежнасьці, свабоды й дэмакратыі. Мы не павінны падзяляць з уладамі адказнасьці за вынікі іхнай тупіковай і небясьпечнай унутранай і вонкавай палітыкі. Таму ад “кіраванай апазыцыі” трэба недвухсэнсоўна адмежавацца.
Паратунак ад крызысу – у вызваленьні людзей, эканомікі, краіны
Ва ўнутранай палітыцы цяперашняя ўлада ня мае і ня можа мець рэалістычных прапановаў пераадоленьня крызысу. Нам трэба салідарызавацца з сацыяльна-эканамічнымі пратэстамі розных групаў насельніцтва, спрыяць выстаўленьню палітычных патрабаваньняў з боку ўдзельнікаў пратэстаў, як гэта было напачатку 90-х. БНФ выступае з уласнымі прапановамі вываду краіны з сыстэмнага эканамічна-палітычнага крызысу, несумяшчальнымі з далейшым захаваньнем дыктатарскай сыстэмы кіраваньня А.Лукашэнкі, і на гэтай аснове ўдзельнічае ў выпрацоўцы кааліцыйных прапановаў.
У вонкавай палітыцы захаваньне антыдэмакратычнага, антыбеларускага і антызаходняга рэжыму А.Лукашэнкі нясе асноўную пагрозу палітычнай, эканамічнай, культурнай незалежнасьці краіны. Аб’ектыўна рэжым працуе на далейшае ўмацаваньне расейскай дамінацыі ў Беларусі, застаецца адным зь нямногіх саюзьнікаў Расеі ў замежнапалітычнай і ваеннай галінах, перашкаджае вяртаньню Беларусі ў эўраатлянтычнае цывілізацыйнае кола.
БНФ вітае захады міжнароднай супольнасьці, якія падтрымліваюць волю беларускага народу да свабоды й незалежнасьці. Іншая рэч, што нельга атаясамліваць інтарэсы рэжыму А.Лукашэнкі зь інтарэсамі беларускага народу. Мы выступаем супраць крокаў, якія вядуць да штучнай кансэрвацыі рэжыму. Ёсьць небясьпека падмены ўнутрыбеларускага дыялёгу, які пры ўмове добрай волі і адказнасьці ўлады мог бы прысьпешыць пераадоленьне крызысу, імітацыяй “дыялёгу” афіцыйнага Менску з Брусэлем.
Партыя БНФ пасьлядоўна вітае ініцыятыву “Ўсходняга партнэрства” ЭЗ і ўключэньне ў яе Беларусі як сьведчаньне прыналежнасьці нашай краіны да Эўропы, а не да сфэры ўплываў Расеі. Аднак мы лічым, што посьпех “Усходняга партнэрства” (УП) магчымы толькі на аснове фундамэнтальных каштоўнасьцяў эўрапейскай цывілізацыі – дэмакратыі, свабоды, правоў асобы, права нацыі на дзяржаўную незалежнасьць.
Мы выступаем за новыя магчымасьці для грамадзянаў Беларусі: візавыя спрашчэньні, адукацыйныя пэрспэктывы, шанцы для малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Чакаем разуменьня і падтрымкі ў справе зьберажэньня беларусай культуры, мовы, гістарычнай спадчыны як часткі духоўнага і матэрыяльнага багацьця эўрапейскай цывілізацыі ад іх разбурэньня ўладамі. Падключэньне ўладаў Беларусі да праграмаў УП павінна ня весьці да іх безумоўнай легітымізацыі, але адбывацца пры ўмове іхных рэальных крокаў дзеля дэмакратызацыі краіны.
Наагул праект УП у дачыненьні да Беларусі будзе мець посьпех толькі пры ўмове прыярытэтнага далучэньня да яго ўсяго беларускага грамадзтва, дэмакратычных сілаў, грамадзкіх арганізацыяў, дыяспары.Ніводны факт рэпрэсіяў не павінен застацца без адэкватнай рэакцыі ЭЗ. Шчыра папярэджваем эўрапейскіх калегаў, што фінансавая дапамога закрытаму, скарумпаванаму рэжыму, не справаздачнаму перад народам, непазьбежна вядзе да карупцыйнага марнаваньня сродкаў. Давайце абумовім гэтую дапамогу яснымі мэханізмамі грамадзкага кантролю над яе мэтавым выкарыстаньнем (самы просты спосаб іх стварэньня – свабодныя выбары) – і тады зьявіцца рэальная магчымасьць ураўнаважыць эканамічную пагрозу з боку Расеі эфэктыўнай дапамогай з Захаду.
У дачыненьнях з Расеяй Лукашэнка не кіруецца незалежніцкай стратэгіяй
Усё, што адбываецца ў беларуска-расейскіх дачыненьнях у апошнія месяцы й дні, - пахавальны звон па “саюзнай дзяржаве”. Не дарма дзясяткі тысячаў чалавек на заклік БНФ, пачынаючы з 1996 году, выходзілі на вуліцы, пратэстуючы супраць гэтай ня дужа замаскаванай формы анэксіі. Сёньня ўжо ўсе бачаць, наколькі БНФ бачыў наперад і меў рацыю.
Мы даўно дамагаліся цывілізаваных, нармальных дачыненьняў з Расеяй, якія ўключаюць і цывілізаваную мяжу. Яна не павінна прапускаць злачыннасьць, але быць зручнай для эканaмічных, культурных, асабовых кантактаў. Мы выступаем катэгарычна супраць удзелу беларускай арміі ў любых вайсковых блёках, якія кантралюе Расея, асабліва КСАР АДКБ, якія могуць стаць амонам постсавецкай таталітарнай прасторы.
Заявы Лукашэнкі на дзьве згаданыя тэмы можна было б вітаць, разглядаць як натуральныя крокі дзеля ўмацаваньня сувэрэннай дзяржаўнасьці. Але, на жаль, гэта толькі рэактыўныя заявы, а не прадуманыя сыстэмныя захады ў рамках стратэгіі дзяржаватворчасьці. Для Лукашэнкі сувэрэнітэт краіны застаецца інструмэнтам асабістага самаўладзтва. Адпаведна і пытаньні мяжы і ўдзелу ў КСАР будуць усяго толькі прадметам торгу з Расеяй за чарговыя іньекцыі.
Аб’яднаная Эўропа магла б ясна заявіць аб сваёй гатоўнасьці інстытуцыянальна дапамагчы Беларусі – і фінансава, і допускам беларускіх тавараў на свае рынкі – пры ўмове неадкладных захадаў улады дзеля дэмакратызацыі краіны, празрыстасьці прыняцьця палітычных і эканамічных рашэньняў ды зноў жа свабодных выбараў.
2011: выбары ці проста “кампанія”
Пэрспэктыва выбарчай кампаніі ў антыдэмакратычнай атмасфэры і ў нязьменным заканаўчым полі з удзелам А.Лукашэнкі ўскладае на беларускія суб’екты палітыкі вялікую адказнасьць, патрабуе супольнай стратэгіі і тактыкі на перадвыбарчы пэрыяд і па яго заканчэньні. Абавязковыя складнікі такой стратэгіі – барацьба за дэмакратычныя ўмовы выбараў, недапушчэньне ўнутранай і міжнароднай легітымізацыі ўлады Лукашэнкі.
Шэраг палітыкаў ужо заявілі пра свой безумоўны намер выстаўляцца ў якасьці кандыдатаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Яны ня ўвязваюць сваю намінацыю ані з пазыцыяй партыяў, у тым ліку БНФ, ані з патрабаваньнямі аб’яднаных дэмакратычных сілаў зьмяніць заканадаўства і стварыць у краіне атмасфэру, мінімальна спрыяльную правядзеньню дэмакратычных выбараў. Ёсьць небясьпека выкарыстаньня ўладамі “кіраванай апазыцыі” для імітацыі выбарчай кампаніі і легітымізацыі А.Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта. Такая пазыцыя аб’ектыўна пагражае легітымізацыяй уладнага рэжыму празь яго лобі ў аб’яднанай Эўропе.
Мы настойваем на правядзеньні выбараў, а ня іх імітацыі. Да пачатку выбарчай кампаніі павінны быць вызваленыя палітычныя вязьні; адноўленыя на працы і на вучобе ўсе актывісты дэмакратычных сілаў, выкінутыя адтуль у зьвязку з грамадзкай чыннасьцю; з войска павінны быць вернутыя дэмакратычныя актывісты, змабілізаваныя ў абыход закону; усе мас-мэдыя павінны мець роўныя магчымасьці.
Трэба інтэнсіфікаваць працэс перамоваў і аб’яднаньня высілкаў у пытаньні стратэгіі і тактыкі на прэзыдэнцкую кампанію як у межах АДС, так і з удзельнікамі іншых вартых увагі ініцыятываў. Калі адказныя суб’екты палітыкі пагодзяцца на супольную працэдуру вызначэньня аднаго кандыдата, тады можна плянаваць сапраўды выніковую кампанію.
Важнай умовай была б згода ўсіх прэтэндэнтаў падпісаць заяву аб недапушчальнасьці далейшага панаваньня ў Беларусі антыдэмакратычнага і антыбеларускага рэжыму А.Лукашэнкі. Ясна, што эфэктыўна паразумецца міжсобку змогуць толькі палітычныя сілы, якія падзяляюць дэмакратычныя і незалежніцкія каштоўнасьці ды не становяцца на шлях калябарацыянізму.
Народная воля №93-94 19.06.2009
Па гэтай тэме:
|
 |
10.03.2010 15:17 |
| |
Намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Канапацкі паведаміў БелаПАН, што большасьці прадстаўнікоў партыі адмаўляюць ва ўключэньні ва ўчастковыя выбарчыя ... |
10.03.2010 10:42 |
| |
Адказны сакратар Партыі БНФ, юрыст Уладзімер Лабковіч ня ўключаны ў склад участковай камісіі ў горадзе Менску. Уладзімер Лабковіч вылучаўся ад Партыі БНФ ў адну з участковых ... |
6.03.2010 14:35 |
| |
Партыя БНФ вылучыла 206 сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. У Менску вылучана 68 прадстаўнікоў. |
|