Беларускія незалежныя СМІ напісалі пра “стварэньне Беларускага незалежніцкага блёку”, гучна – я б нават сказаў, з помпай – абвешчанае на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.
Заснаваньне блёку ў палітыцы – у кожным разе рэч добрая: толькі праз кааліцыйнае будаўніцтва ў бальшыні краінаў дэмакратычнага выбару сёньня вырашаюцца найважнейшыя пытаньні функцыянаваньня дзяржаваў на карысьць іхных грамадзянаў. Гэта магчыма праз дасягненьне палітычнай улады – як на найвышэйшым, дзяржаўным (і міждзяржаўным – у выпадку з Эўразьвязам) узроўні, так і на ўзроўні мясцовым.
Стварэньне палітычных кааліцыяў у цывілізаваным сьвеце суправаджаецца падпісаньнем палітычнай дамовы, у якой вызначаюцца канкрэтныя кірункі дзеяньняў будучай кааліцыі дзеля дасягненьня гэтай самай улады або, калі ўлада ўжо ў руках, – праграма дзеяньняў кааліцыі ў палітычнай, эканамічнай, культурнай, інфармацыйнай ды іншых сфэрах.
Што ж прапанаваў нам “Беларускі незалежніцкі блёк” 27 кастрычніка? У апублікаванай “Дэкларацыі” гаворыцца пра “прыярытэтныя кірункі супольнай дзейнасьці”. Сьпіс кірункаў нядоўгі, таму не магу ўтрымацца, каб не падаць яго цалкам. У дакумэнце абвяшчаецца пра:
“- стварэньне ўмоваў для правядзеньня ў Рэспубліцы Беларусь свабодных і справядлівых выбараў;
- ініцыяваньне рынкавых рэформаў у беларускай эканоміцы дзеля забесьпячэньня дабрабыту грамадзян Беларусі з прыярытэтнай падтрымкай беларускага малога і сярэдняга бізнэсу;
- абарону правоў грамадзян Беларусі на свабоду слова, свабоду сумленьня, свабоду асацыяцый і сходаў;
- падтрымку палітвязьняў і правядзеньне працы, накіраванай на спыненьне палітычных рэпрэсій у краіне;
- спрыяньне беларусізацыі навучальных устаноў, сродкаў масавай інфармацыі, іншых дзяржаўных і грамадзкіх арганізацый Беларусі;
- наладжваньне стратэгічнага супрацоўніцтва з краінамі “Ўсходняга партнэрства” і Эўразьвязу;
- асуджэньне таталітарных ідэалёгіяў камунізму і фашызму як антыгуманных, злачынных і амаральных, якія супярэчаць агульнапрынятым прынцыпам і каштоўнасьцям чалавечага грамадзтва”.
Пройдземся, як кажуць, па пунктах. Пра “стварэньне ўмоваў для правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў” сёньняшняя ўлада гаварыць любіць шмат і даўно. Узгадайма нядаўнюю сустрэчу гаранта нашай канстытуцыі А.Лукашэнкі з гарантам правядзеньня выбараў Л.Ярмошынай.
Яшчэ часьцей улада гаворыць пра “правядзеньне рынкавых рэформаў у беларускай эканоміцы дзеля забесьпячэньня дабрабыту грамадзян Беларусі”, ды яшчэ пра “прыярытэтную падтрымку беларускага малога і сярэдняга бізнэсу” (чытайце рэгулярныя справаздачы беларускага ўраду перад МВФ).
Улада вельмі парадуецца, што нехта возьме на сябе “падтрымку палітвязьняў”: навошта іх выпускаць з турмаў, калі яны, шчасьлівыя, атрымаюць падтрымку ад “Беларускага незалежніцкага блёку”? Улада таксама скажа: “Рабіце сабе колькі заўгодна... працу, накіраваную на спыненьне палітычных рэпрэсій”... Рабіце! Яшчэ 20 і 50 і 100 гадоў!
Што да “беларусізацыі навучальных устаноў”, дык паводле справаздачаў, дасыланых беларускім урадам у ЮНЭСКА, сёньня ў Беларусі большасьць установаў сярэдняй адукацыі – зь беларускай або зь дзьвюма мовамі навучаньня, а ў ВНУ “для жадаючых арганізаваныя беларускамоўныя плыні і групы”. Да таго ж улада дбае, каб у яе СМІ і сёньня хлусьня, па магчымасьці, усё часьцей распаўсюджвалася не на адной, а на дзьвюх дзяржаўных мовах. Напэўна, велізарнае значэньне для беларускага грамадзтва будзе мець факт, калі ў аб’яднаньні “Белая Русь” ці ў БРСМ пачнуць весьці дакумэнтацыю і размаўляць па-беларуску ў калідорах будынку на Фрунзэ, 5, гвалтам забранага ў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
У “наладжваньні стратэгічнага супрацоўніцтва з краінамі Ўсходняга партнэрства і Эўразьвязу” спадары Лукашэнка, Мартынаў, Сідорскі, Сямашка, шматлікія амбасадары ў названых краінах, здаецца (паводле іхных словаў), апошнім часам таксама рушылі наперад кавалерыйскімі тэмпамі.
Таталітарная ідэалёгія фашызму даўно асуджаная (зноў-такі на словах) сёньняшнім рэжымам і яго папярэднікамі, а зацьверджаны міністэрствам адукацыі РБ новы падручнік гісторыі Беларусі для 11 клясы аўтарства сп. Я.Трашчанка і інш. шмат у якіх момантах мае ўжо выразна антыкамуністычную скіраванасьць. Да таго ж як могуць любіць савецкую мадэль камунізму сёньняшнія ўладатрымальнікі (перадусім маладзейшыя), калі тыя камуністы адмаўлялі прыватную ўласнасьць – так дарагую сэрцам іх саміх ды іхных родных і блізкіх?
Так што ў адказ на маніфэст новага блёку, які называе сябе палітычным, улада можа па пунктах, з алоўкам у руках паказаць яго стваральнікам: у вашым існаваньні няма сэнсу, бо мы ўсё гэта робім і бяз вас. Што ня зроблена сёньня – даробім неўзабаве. Толькі вось пра сем’і палітвязьняў клапаціцца ў нас сродкаў няма, таму вы вазьміце іх у каго там захочаце і – паклапаціцеся...
У адным улада, напэўна, аднак, расчараваная. Сярод падпісантаў “маніфэсту”, як кажуць, “адзін пэнсіянэр і сем піянэраў”. Людзі збольшага “шырокавядомыя ў вузкіх колах”. Чаго варты адзін Юрась Карэтнікаў, які летась уцёк з партыі БНФ і зарэгістраваў свой “Правы альянс” як... звычайную паўкамэрцыйную ўстанову?
Няма ў гэтым коле ніводнага дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га або 13-га скліканьняў, няма большасьці самых знакамітых палітвязьняў – Аляксандра Казуліна, Міхаіла Марыніча, Міхаіла Чыгіра, Міколы Статкевіча ці Валерыя Шчукіна. Прысутнасьць у сьпісе Паўла Севярынца ці Зьмітра Дашкевіча сытуацыю ратуе ў малой ступені – гэта відаць ужо з таго, якім бяззубым і, па сутнасьці, канфармісцкім аказаўся вышэйзгаданы “маніфэст”, пад якім яны свае подпісы таксама паставілі.
Крый Божа, не хачу выглядаць тут зьвяглівым крытыканам. Не выключаю, што ідэя “правацэнтрысцкага блёку” можа ў будучыні аказацца плённай. Для гэтага, аднак, conditio sine qua non павінна быць прадстаўленьне беларускаму грамадзтву прынцыповай і пасьлядоўнай альтэрнатывы існаму рэжыму. Трэба ясна ўсьведамляць, што касмэтычныя рэформачкі, якія гэты рэжым прапануе і зьбіраецца прапаноўваць надалей, робяцца дзеля аднае-адзінае мэты – утрымацца на плаву, трымаючы ў страху ўсё грамадзтва, паралізуючы яго волю, адбіраючы элемэнтарныя свабоды, нішчачы культуру нацыі, прыніжаючы годнасьць любога, у каго менш улады ці грошай. Такі рэжым ніколі ня можа зрабіцца дэмакратычным, бо ён тады згубіць падмурак свайго існаваньня, а значыць, раней ці пазьней страціць уладу. А гэта (чытайце заявы спадара Лукашэнкі, зробленыя ім падчас нядаўняга візыту ў Літву) у ягоныя разьлікі не ўваходзіць. Бо ў дзяцей уладароў падрастаюць унукі, а там зьявяцца праўнукі і г.д.
У гэтай сытуацыі гульні ў стварэньне не падрыхтаваных новых блёкаў, эксплюатацыя праэўрапейскіх лёзунгаў, паўтарэньне прапісных ісьцінаў з выглядам першаадкрывальнікаў толькі аддаляюць беларускае грамадзтва ад магчымасьцяў кансалідацыі, выразнай пастаноўкі першасных, жыцьцёва важных мэтаў, а перадусім мэты зьмены рэжыму.
"Віцебскі кур'ер", 5 лістапада 2009 г.