партыя бнф
Пра нас | Кантакты | Структуры
глядзець


Аляксей Янукевіч: «Мы мусім стварыць новы імідж новага БНФ»

Аляксей Янукевіч: «Мы мусім стварыць новы імідж новага БНФ»Напачатку новага палітычнага сэзону 2010-2011 мясцовых і прэзыдэнцкіх выбараў новы лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавядае пра будучыя перамены ў Фронце, мэты і задачы Партыі і сваё бачаньне шляху БНФ да ўлады.

- Што б хацелі зьмяніць у Партыі БНФ падчас свайго старшынства? Ці ёсьць плян зрабіць што-небудзь новае, чаго раней ніколі не было?

Каштоўнасьці нашай Партыі, грунт, на якім стаіць Фронт, нязьменныя, яны ня могуць падлягаць перагляду. Разам з тым, калі мы хочам быць сучаснай, дынамічнай, адэкватнай партыяй, адпавядаць сёньняшнім патрэбам і чаканьням беларускай нацыі, павінны паўстаць новы Фронт, шмат у чым новая партыя. Кожная традыцыя нясе ў сабе магчымасьць і патрэбу разьвіцьця, і чым даўжэй няма абнаўленьня, тым больш значныя перамены патрэбныя. Каб дасягнуць улады, нам трэба знайсьці новую, значна больш шырокую, чым сёньня, падтрымку ў грамадзтве. Дзеля гэтага нам трэба зьмяніць імідж, вобраз нашай Партыі ў вачох людзей. Фактычна, мы мусім стварыць новы імідж новага БНФ, і мы мусім адпавядаць гэтаму іміджу. Задача абнаўленьня Партыі не вырашаецца адной толькі зьменай пэрсаналіяў у складзе кіраўніцтва - партыйны мэханізм мусіць стаць сугучным часу, Партыя як цэлае павінная быць актуалізаваная, вернутая да грамадзтва.

Фармаваньне новага вобразу БНФ пачнецца з пачаткам працы новага сайту Партыі ў бліжэйшыя дні, але не абмяжуецца толькі інтэрнэтам ці друкаванай прадукцыяй. Перамены будуць значна глыбейшыя і будуць тычыцца таксама зьмены акцэнтаў у агітацыйнай рыторыцы Фронту.
Гэтая канцэпцыя ёсьць ня проста маёй пэрсанальнай візіяй – яна была ядром праграмы маёй каманды на апошнім Зьездзе, і менавіта гэты падыход здабыў падтрымку фронтаўцаў.

Нам трэба навучыцца дасягаць вынікаў, і дзеля гэтага мы мусім цалкам зьмяніць сыстэму плянаваньня. Мы мусім нарэшце пачаць ставіць сабе вымяральныя задачы. У адваротным выпадку нашыя пляны застануцца абстрактнымі і невыканальнымі. Напрыклад, розьніца паміж “правесьці максымальна шырокую агітацыйную кампанію на акрузе” і “сабраць 3000 подпісаў, знайсьці 50 чалавек, згодных дапамагаць з распаўсюдам, і 5 новых сябраў партыі” – гэта і ёсьць розьніца паміж паразамі і посьпехам.

- Ці закрануць зьмены ўнутраную атмасфэру ў Партыі?


Нам надзвычай важна зьмяніць стаўленьне нас саміх да сваёй Партыі. Мы павінны ставіцца да сваёй дзейнасьці ў БНФ як да працы ў сэнсе адказнасьці. Раней у Фронце, асабліва на ўзроўні рэгіянальных структураў, ніколі фактычна не было сярод кіраўніцтва падзелу палітычных і арганізацыйных функцыяў. Я перакананы, што такі падзел неабходны, бо на палітычныя пасады людзі заўсёды павінны абірацца, прычым паводле аўтарытэту, прэзэнтатыўных якасьцях, а на арганізацыйныя – прызначацца, прычым паводле дзеяздольнасьці.

Разам з тым, вельмі важна, каб мы ставіліся да Фронту як да сям’і ў сэнсе чалавечых стасункаў. Для большасьці з нас дзейнасьць у БНФ на карысьць Беларусі ёсьць справай усяго жыцьця, і гэта натуральным чынам робіць нас вельмі блізкімі. Сапраўдная салідарнасьць, атмасфэра ўзаемапавагі і братэрства пачынаюць вяртацца ў нашу Партыю, і гэта ёсьць адным з найважнейшых вынікаў мінулага Зьезду і заслуга ўсіх без выключэньня яго дэлегатаў.

Але, пры ўсіх неабходных пераменах, важна захаваць і аднавіць тое добрае, што некалі было ў Фронце. Перадусім я маю на ўвазе аналітычны і экспэртны патэнцыял БНФ, якім Партыя валодала ў 1990-1995 гадах. Ценевы ўрад БНФ ня толькі выпрацоўваў пляны і ідэі разьвіцьця краіны, але і самім фактам свайго існаваньня спрыяў падвышэньню павагі да БНФ, фармаваў вобраз Фронту як сілы, што сур’ёзна прэтэндуе на атрыманьне ўлады. Відавочна, што аднаўленьне ценевага ураду БНФ у поўным фармаце запатрабуе працы цягам 2-3 гадоў пры адначасовым умацаваньні і росьце ўплыву Партыі ў грамадзтве, але ў найбліжэйшай пэрспэктыве такую дзейнасьць плянуецца арганізаваць ў форме інстытуту сьпікераў па асобных тэмах.

- Якой бачыце місію Партыі БНФ, яе мэты і задачы на бліжэйшыя гады?

Разуменьне нашай місіі насамрэч вельмі важнае, бо зь яго натуральным чынам выцякаюць адказы на пытаньні стратэгіі і тактыкі Фронту. Я бачу місію, сэнс існаваньня Партыі БНФ у тым, каб абараняць інтарэсы беларускага народу, нацыянальныя каштоўнасьці і нацыянальныя інтарэсы (і ў значнай ступені гэтыя інтарэсы фармуляваць, надаваць ім канкрэтнае гучаньне ў канкрэтных вонкава і ўнутрыпалітычных варунках). Іншымі словамі, БНФ павінны дамагчыся, каб беларусы заможна жылі і гаспадарылі на сваёй зямлі, абароненыя ад зьнешніх і ўнутраных пагрозаў, упэўненыя ў будучыні сваёй і ўсёй беларускай нацыі.

Мэта кожнай палітычнай партыі – прыход да ўлады. Менавіта такая мэта стаіць перад Фронтам, і ўсе нашыя дзеяньні павінны быць скіраваныя на як мага хутчэйшае яе дасягненьне. Я дакладна ведаю, што гэтая мэта дасягальная для Партыі БНФ, але, натуральна, не ў адзін дзень. Змаганьне за ўладу – гэта ня бокс на рынзе, дзе нават значна слабейшы баец тэарэтычна можа ў адно імгненьне стаць пераможцам, падлавіўшы трапным ударам свайго суперніка, калі той на сэкунду страціць канцэнтрацыю. На жаль, апошнія гады мы спрабавалі рабіць стаўку не на ўласную моц і падрыхтаванасьць, а на тое, што выйдзем на рынг і зловім свой шанец. Але з такім падыходам на рынзе можна налавіць толькі ўдараў у галаву. 2009 год дык наогул стаўся часам разьвітаньня з рэчаіснасьцю для шэрагу беларускіх палітыкаў, у тым ліку некаторых фронтаўцаў, якія пачалі верыць, што вось зараз суперніка на рынзе схопіць паралюш і ён сам, а разам зь ім і ўлада, паваліцца нам пад ногі. Сапраўднае змаганьне за ўладу, калі параўноўваць з спортам, падобнае на Кубак Сьвету па футболе. Каманда ня можа прыехаць і заявіцца адразу на фінальны матч, матывуючы такое жаданьне 100% перакананасьцю ў сваёй перамозе. Яна спачатку мусіць стацца лепшай у сваёй адборачнай групе, трапіць на чэмпіянат, там перайграць усіх супернікаў, перамагчы ў фінале, і толькі тады гэтая каманда – чэмпіён.

Прыйсьці да ўлады можна толькі, крок за крокам павялічваючы сваю моц, папулярнасьць і падтрымку. Я добра ўсьведамляю, што ва ўмовах дыктатуры шмат якія фармальныя этапы на шляху да ўлады ня могуць быць для нас арыенцірамі, бо большую частку шляху нам давядзецца прайсьці, застаючыся фактычна цалкам па-за сыстэмай улады. Але гэты факт ня робіць наш шлях да ўлады ані больш кароткім (усё роўна мы ня можам імгненьна пераскочыць праз некалькі прыступак), ані тупіковым (уздымацца ўверх можна і пры адсутнасьці нармальнай лесьвіцы).

Нам трэба зрабіць вялікую працу дзеля фармаваньня моцнай партыйнай арганізацыі, гэта праца запатрабуе часу і сілаў, але яна ня будзе безвыніковай, яна прывядзе нас да перамогі, да атрыманьня ўлады. Калі ты маеш ясны плян, адэкватна ацэньваеш свае сілы і рэчаіснасьць навокал, не спыняешся на шляху, ты абавязкова дасягаеш мэты.

- Ці будзе Партыя БНФ падчас мясцовых выбараў ставіць больш высокія для сябе мэты, чым звыклыя “данясеньне інфармацыі да насельніцтва” і “заангажаваньне новых актывістаў”?

Так. Безумоўна. Першая мэта – гэта перамога нашых найбольш моцных кандыдатаў. У сьпісе кандыдатаў ад Партыі БНФ на гэты момант мы маем каля 20 чалавек, якія ёсьць безумоўнымі лідэрамі грамадзкай думкі ў сваіх гарадох, валодаюць сапраўды вялікім аўтарытэтам. Нашая мэта – каб гэтыя 20 кандыдатаў Партыі БНФ сталіся дэпутатамі мясцовых саветаў.

Другая мэта – пачаць зьмену вобразу Партыі БНФ праз беспасрэдны кантакт зь людзьмі. Гэтыя мясцовыя выбары важныя для нас як выдатная нагода зьвярнуць увагу людзей на перамены ў БНФ, на перамену самога Фронту. Наблізіцца да таго, каб Фронт стаўся са-праўды Народным.
Яшчэ адна мэта – выявіць дзеяздольнасьць нашых структураў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама пачаць фармаваньне сьпісу кандыдатаў на будучых выбарах у Палату Прадстаўнікоў.

- Будучыя прэзыдэнцкія выбары – важная падзея для любой дэмакратычнай партыі Беларусі. Уяўленьне пра фармат удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах было адной з ключавых тэмаў на верасьнёўскім Зьезьдзе БНФ, які так і не прыняў канчатковага рашэньня. Якая Вашая пазыцыя сёньня па гэтым пытаньні?

Свайго кандыдата вылучаць насамрэч важна. Але сам факт вылучэньня ня можа быць панацэяй ці чароўнай палачкай. Самае галоўнае – зьмяніць імідж Партыі, узмацніцца, знайсьці новую падтрымку. Вобраз Партыі ў вачох людзей ва ўмовах дзяржаўнай манаполіі на электронныя СМІ фармуюць перадусім нашыя рэгіянальныя лідэры, якія беспасрэдна штодзённа камунікуюць зь людзьмі. Практыка паказвае, што там, дзе мы маем моцных мясцовых лідэраў – менавіта там і структуры моцныя, і сама Партыя БНФ карыстаецца павагай у народзе.

Істотна таксама, каб наш кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах мог аб’яднаць вакол сябе ўсіх нашых аднадумцаў, ня толькі сябраў Партыі БНФ. Ва ўмовах, калі відавочна будзе некалькі апазыцыйных кандыдатаў, наяўнасьць аднаго ад нацыянальна-дэмакратычных сілаў бу-дзе ствараць максымальныя шанцы на посьпех.

- А Вы асабіста маеце намер балятавацца на пасаду прэзыдэнта ад Партыі БНФ?

Так, натуральна, буду балятавацца, але не ў 2011 – ня будзе хапаць некалькі месяцаў па ўзросьце. У 2016 годзе абавязкова буду вылучацца, і пастараюся да таго часу зрабіць Фронт настолькі моцным, каб у 2016 годзе мы перамаглі і старшыня БНФ стаўся прэзыдэнтам Беларусі.

20 студзеня 2010
Раздрукаваць


Па гэтай тэме:

партыя бнф
RSS падпiскаСтужка
навінаў у RSS
10.03.2010 15:17
 
Намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Канапацкі паведаміў БелаПАН, што большасьці прадстаўнікоў партыі адмаўляюць ва ўключэньні ва ўчастковыя выбарчыя ...
10.03.2010 10:42
 
Адказны сакратар Партыі БНФ, юрыст Уладзімер Лабковіч ня ўключаны ў склад участковай камісіі ў горадзе Менску. Уладзімер Лабковіч вылучаўся ад Партыі БНФ ў адну з участковых ...
6.03.2010 14:35
 
Партыя БНФ вылучыла 206 сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. У Менску вылучана 68 прадстаўнікоў.



Моладзь БНФ
Форум за незалежнасьць
Блёгi
Партнэрскія сайты

   
 
     
 
беларускі народны фронт
© 2002— 2009 Партыя БНФ.
Усе правы абароненыя.
навігацыя
г. Менск, пр. Машэрава, 8
а/c: 2200005
e-mail: pbnf@pbnf.org
тэл.: (17) 284-50-12
 
 
   
     
 
 
     
 
Design & Developed by Nick Antipov