партыя бнф
Пра нас | Кантакты | Структуры
глядзець


Юрый Чавусаў. Чаму Незалежніцкі блёк?

Юрый Чавусаў. Чаму Незалежніцкі блёк?Паўстаньню Беларускага Незалежніцкага Блёку папярэднічага грамадзкая дыскусія ў асяродзьдзі апазыцыйных структураў адносна мэтазгоднасьці ўтварэньня новага аб’яднаньня нацыянальна-дэмакратычных сілаў. З боку прыхільнікаў і праціўнікаў новай кааліцыі гучалі разнастайныя аргумэнты, пры гэтым далёка не заўжды апанэнты прытрымліваліся эўрапейскіх стандартаў палітычнай спрэчкі.

Але ад 27 кастрычніка 2009 года ўсе спрэчкі наконт плюсаў і мінусаў згуртаваньня нацыянальных сілаў адасоблена ад прарасейскіх нібыта-дэмакратаў зрабіліся неактуальнымі. Афармленьне БНБ сталася фактам і новы блёк увайшоў у рэчаіснасьць беларускага палітычнага жыцьця – на правым фланзе апазыцыйнай палітычнай сцэны зьявіўся выразны і прыцягальны гравітацыйны цэнтр. Ягоным ядром зьяўляецца зьвязка ідэйна блізкіх Партыі БНФ, Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі і Руху “За Свабоду”, да якой хутка далучыліся і іншыя аб’яднаньні. Некаторыя аглядальнікі назвалі гэтую падзею яднаньнем аскепкаў старога Беларускага Народнага Фронту – і гэткія ацэнкі недалёкія ад рэчаіснасьці.

Нягледзячы на тое, што БНБ здоліў гучна выйсьці на айчынную палітычную сцэну і прадэманстраваў свае сілы падчас правядзеньня Беларускага Эўрапэйскага Форуму, будучыня новага ўтварэньня застаецца слаба акрэсьленай. Сапраўдныя справы яшчэ наперадзе – у выглядзе супольнай працы ў межах мясцовых выбараў, а неўзабаве нас чакае і кампанія па выбарах прэзыдэнта. Расклад сілаў у БНБ дазваляе спадзявацца, што ў межах новага ўтварэньня Партыя БНФ будзе здольная праводзіць уласную палітычную лінію, а не падстраівацца пад чужыя сцэнары.

Але ж першым выпрабаваньнем для новай структуры сталася хваля крытыкі з боку ранейшай кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Пры гэтым на момант абвяшчэньня піяр-вайны супраць БНБ ягоныя суб’екты не пасьпелі нават выпрацаваць агульнай пазыцыі адносна ўдзелу ў АДС. Дамінавала меркаваньне, што АДС мусяць захавацца ў якасьці пляцоўкі для перамоваў – менавіта гэтую пазыцыю агучваў новы старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Але ж з боку прарасейскіх сілаў у АДС, падтрыманых ранейшым кіраўніцтвам Партыі БНФ, прагучалі абразьлівыя абвінавачаньні ў калябарацыі з рэжымам. Больш за тое, асьлепленыя крыўдай за страчаныя пасады, былыя кіраўнікі нашай Партыі сталі ўжываць у дачыненьні да сваёй роднай арганізацыі тэрміны накшталт “кіраваная апазыцыя”. Пасьля гэтага знаходжаньне ў адным саюзе з АДС зрабілася немагчымым, і на парадку дня паўстала пытаньне ліквідацыі гэтай структуры і стварэньня новых кансультатыўных пляцовак для перамоваў унутры апазыцыі.

Гэта паказальны прыклад таго, як амбіцыі асобных палітычных лідэраў руйнуюць парэшткі таго арганізацыйнага адзінства, якое існавала да сёй пары ў асяродзьдзі апазыцыі. Менавіта прыватныя інтарэсы асобных структураў вызначалі шлях выкарыстаньня структураў АДС, якія па сутнасьці пераўтварыліся ў брэнд, пад якім рэалізоўваліся шматлікія і некантралюемыя нікім палітычныя праекты. Такая сыстэма была выгодная сваеасаблівай “партыі АДС”, складзенай зь вярхушкі партыйных функцыянэраў, і заахвочвалася замежнымі “дабрадзеямі”, для якіх выява неэфэктыўнай але эфэктнай “аб’яднанай апазыцыі” была індульгенцыяй, апраўданьнем слабаасэнсаваных праграмаў падтрымкі дэмакратыі.

Відавочна, што архітэктары БНБ зьбіраюцца будаваць новую структуру з улікам тых хібаў, якія прадэманстраваў досьвед АДС. Таму супраца будзе весьціся па канкрэтных кірунках працы і зыходзячы з наяўнасьці агульнай каштоўнаснай глебы. Нам цяпер не прыйдзецца чырванець за прарасейскія лёзунгі Сяргея Калякіна, які вітае ўвядзеньне ў Беларусі расейскага рубля, альбо за прыніжальны для нас усіх падхалімаж Анатоля Ляўковіча на старонках “Саўбелкі”. Шчасьце яшчэ, што ганебны ліст кіраўніка беларускіх сацыял-дэмакратаў да Справедлівай Расеі, дзе ён клянецца ў вернасьці стратэгічным інтарэсам маскоўскага імпэрыялізму, патрапіў у прэсу ўжо тады, калі мы зь ім не уваходзілі ў адно палітычнае ўтварэньне. Але, варта памятаць, што двайная гульня Анатоля Ляўковчіа была распачатая тады, калі ён быў сустаршынём АДС побач з прадстаўніком Партыі БНФ. Гуртавацца з паплечнікамі і не заплюшчаваць вочы на выбрыкі нібыта-сябраў, якія насамрэч ёсьць ідэалагічныя апанэнты па прынцыповых для нас пытаньнях.

Таму Партыя БНФ ня проста далучылася да ініцыятывы па стварэньні правай кааліцыі, а фактычна выступіла яе маторам. Акурат яднаньне з палітычнымі аднадумцамі, няхай сабе і з розных аррганізацыяў, стала адным з прынцыповых тэзісаў, які прывёў да стырна партыі новую каманду. Менавіта перамога пакаленьня 1996 года ў Партыі БНФ, як узор дэмакратычнасьці і цывілізаванай палітычнай культуры, сталася чыньнікам, які зрабіў магчымым кансалідацыю нацыянальных сілаў на глебе агульных каштоўнасьцяў.

Абвінавачаньні на адрас БНБ у калябарацыі з рэжымам выглядаюць несур’ёзна – гэта ўсяго толькі ярлыкі, няхай сабе і абразьлівыя, што навешваюцца на палітычных апанэнтаў. Сьмешна, калі вядомыя змагары з шэрагаў перафарбаваных камуністаў абвінавачваюць ў калябарацыі маладафронтаўцаў. Гаворка не пра выкарыстаньне розных мэтадаў палітычнага змаганьня – тут, нажаль, ад БНБ нечага новага можна чакаць хіба што ў будучыні. Справа ў каштоўнасьцях і мэтах палітычнай дзейнасьці. Самазахаваньне апазыцыі ёсьць галоўнай інтэнцыяй існаваньня АДС. Але Партыя БНФ ня можа сабе дазволіць задаволіцца рольлю пацешных блазнаў у аўтарытарнай батлейцы у час, калі Бацькаўшчыне патрэбная нашая праца.

Чаму ж незалежнасьць? Хіба існуе пагроза незалежнасьці? Назва новага блёку ясна ўказвае, на глебе якіх менавіта каштоўнасьцяў яднаюцца ягоныя ўдзельнікі.

Пагроза беларускай незалежнасьці рэальная і зьвязаная зь негатыўнымі наступствамі крызісу і будучай карэннай перабудовай геаэканамічнай сытуацыі вакол нашай краіны. Абхадныя нафта- і газаправоды, якія ўступяць у строй праз два гады, дазволяць Маскве без аглядкі на эўрапейскіх спажыўцоў шантажаваць нашу краіну адключэньнем паставак энэрганосьбітаў. І тады гаворка пойдзе не пра продаж асобных заводаў і правядзеньне вайсковых вучэньняў, а пра здачу сувэрэнітэту дэ-факта і дэ-юрэ.

Беларускі Незалежніцкі Блёк – аб’яднаньне тых цьвяроза мысьлячых палітычыных сілаў, якія рэальна ацэньваюць гэтую небясьпеку і ведаюць, чым можна на яе адказаць. Гэты адказ палягае ў набліжэньні Беларусі да Эўропы ва ўсіх вымярэньнях грамадзкага жыцьця і эканомікі.

Беларускі Незалежніцкі Блёк – апазыцыя беларускамоўная і праэўрапэйская, для якой інтарэсы нацыі вышэй за бягучыя палітычныя гешэфты. Менавіта такімі мы і зьяўляемся, менавіта такімі нас бачаць людзі.

Юрый ЧАВУСАЎ,
кіраўнік аналітычна-праўнай камісіі Партыі БНФ

20 студзеня 2010
Раздрукаваць


Па гэтай тэме:

партыя бнф
RSS падпiскаСтужка
навінаў у RSS
12.03.2010 12:33
 
У Вялейскім раёне ні сяброў Партыі БНФ, ні сяброў Партыі АГП не ўключылі ў склад выбарчых камісіяў. Сябры Партыі БНФ 3 сакавіка атрымалі адмову аб уключэньні ў Вялейскую раённую ...
12.03.2010 12:19
 
Намесьнік старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Канапацкі падаў дакумэнты для вылучэньня ў кандыдаты ў дэпутаты Менскага гарсавету. Вадзім Канапацкі вылучаецца ...
12.03.2010 12:09
 
На сходзе ініцыятыўнай групы па правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму ад 28 лютага 2010 года было прынятае рашэньне ініцыяваць збор подпісаў за правядзеньне рэфеэрэндума па ...



Моладзь БНФ
Форум за незалежнасьць
Блёгi
Партнэрскія сайты

   
 
     
 
беларускі народны фронт
© 2002— 2009 Партыя БНФ.
Усе правы абароненыя.
навігацыя
г. Менск, пр. Машэрава, 8
а/c: 2200005
e-mail: pbnf@pbnf.org
тэл.: (17) 284-50-12
 
 
   
     
 
 
     
 
Design & Developed by Nick Antipov