партыя бнф
Пра нас | Кантакты | Структуры
глядзець


Лявон Баршчэўскі. Год прайшоў... (3)

Міжнародная палітыка ўлады. Год 2009 быў асаблівы для цяперашняй улады. Трэба ўзгадаць, што перад тым апошні афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў эўрапейскую краіну (Францыю) адбыўся ў 1996 годзе, а апошні міжнародны форум, дзе Беларусь была прадстаўленая на найвышэйшым узроўні і брала ўдзел у выпрацоўцы стратэгічна важнага палітычнага дакумэнту, прайшоў у Стамбуле ў 1999-м...

Згодна з Стамбульскай дэклярацыяй, падпісанай, сярод іншых, і прэзыдэнтам Беларусі, наша краіна брала на сябе абавязак знайсьці паразуменьне ў грамадзтве шляхам перамоваў з апазыцыяй, не дапускаць абмежаваньня сродкаў масавай інфармацыі і – самае галоўнае – праводзіць у краіне свабодныя, заснаваныя на плюралізьме думак, выбары ўсіх узроўняў.

Лішне казаць, наколькі “пасьпяхова” ўлада апошнімі гадамі выконвала падпісаны сваёй рукой дакумэнт.

Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) Арганізацыі бясьпекі й супрацы ў Эўропе (АБСЭ) – у якую ўваходзіць Беларусь, а таксама бальшыня дзяржаваў – рэспублік былога СССР, практычна ўсе эўрапейскія краіны, ЗША і Канада – назіралі за ўсімі беларускімі выбарамі пачынаючы з 2000 году. І не прызналі ніводныя з выбараў і рэфэрэндум 2004 году адпаведнымі ўзятым краінай на сябе абавязкам.

Ня сталі выняткам і апошнія паводле храналёгіі выбары – у “Палату прадстаўнікоў” у 2008 годзе. Пра “камфортнасьць” існаваньня ў Беларусі не залежных ад улады грамадзка-палітычных сродкаў масавай інфармацыі і стаўленьне А.Лукашэнкі як да ўсёй беларускай апазыцыі, так і да асобных яе прадстаўнікоў не выпадае і казаць. Паглядзіце хоць бы “палітычна-аналітычныя” праграмы БТ ды АНТ.

Тым ня менш у 2009 годзе ў Рэспубліку Беларусь адзін за адным паехалі эўрапейскія палітыкі высокага рангу. Гэта былі высокі прадстаўнік ЭЗ па супольнай замежнай палітыцы і палітыцы бясьпекі Хавіер Саляна, эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр, прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі, міністры замежных справаў Польшчы, Чэхіі, Італіі, шэраг дэпутатаў Эўрапейскага Парлямэнту... Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў наведаў не адну эўрапейскую сталіцу, а сам Найвышэйшы Кіраўнік пабываў у Рыме й Вільні.

Які вынік гэтых паездак? З аднаго боку, ўлады Беларусі атрымалі доступ да раней недаступных крэдытаў зь некаторых міжнародных фінансавых арганізацыяў (і нікому не вядома, як разьмяркоўваюцца гэтыя крэдыты), да канца году працягнулі зь непрызнаньнем у якасьці сувэрэнных дзяржаваў грузінскіх тэрыторыяў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

З другога боку, працягваліся арышты, зьдзекі з удзельнікаў мірных акцыяў апазыцыі (нават у дзень сустрэчы А.Лукашэнкі з прэзыдэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце 16 верасьня), на незалежныя мас-мэдыя накідаліся чарговыя “петлі”, ніякіх істотных зьменаў (у працэдуры падліку галасоў і кантролю за ёй) у выбарчае заканадаўства ўнесена так і не было, дыялёг з апазыцыяй улада хацела была праімітаваць стварэньнем г.зв. “грамадзка-кансультацыйнага савету” пры адміністрацыі прэзыдэнта, дый сама, невядома чаго спалохаўшыся, прыпыніла дзейнасьць таго “савету”...

У выніку сёньня можна сьмела сказаць: так званы паварот афіцыйнай Эўропы ў бок загульваньняў з афіцыйным Менскам у 2009 годзе закончыўся калі ня поўным фіяска, дык падобна да таго.

Адукацыя. Рабы могуць выхоўваць толькі падобных да сябе іншых рабоў. Зацягнуўшы на шыях абсалютнай бальшыні беларускіх пэдагогаў пятлю ў выглядзе кароткатэрміновых кантрактаў, ідэолягі рэжыму пакуль што ў цэлым “пасьпяхова” спраўляліся з задачай падтрыманьня атмасфэры страху і падвойных стандартаў у афіцыйнай сыстэме адукацыі. Узначаленае міністрам адукацыі Аляксандрам Радзьковым “грамадзкае” аб’яднаньне “Белая Русь” стабільна папаўнялася новымі рэкрутамі з шэрагаў залежных ад таго самага міністэрства работнікаў – выхавальнікаў, настаўнікаў, адукацыйных чыноўнікаў. Працягваўся ціск на пэдагогаў, што маюць крытычныя погляды на ідэалёгію рэжыму: некаторыя зь іх страцілі працу (“у сувязі са сканчэньнем тэрміну кантракту”), іншыя маюць такую пэрспэктыву неўзабаве. Астраўкамі свабоднай адукацыі заставаліся: у Беларусі – неафіцыйны Беларускі гуманітарны ліцэй, а за мяжою – у Вільні – Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт.

У верасьні 2009 году пачаўся другі год чарговай рэформы сярэдняй школы. Калі сёньняшнія, паводле трапнага выразу настаўніка зь Сьветлагорскага раёну Міколы Бусла, “адукатары ад сахі” давядуць названую рэформу да лягічнага канца – а гэта адбудзецца цягам бліжэйшых пяці-шасьці гадоў – яе вынікі спрагназаваць няцяжка. Школьнікі ды іхныя бацькі сутыкнуцца з такімі рэчамі, як:

-- вяртаньне да адукацыйнай ураўнілаўкі савецкага часу (гімназіі ды ліцэі ператворацца ў звычайныя сярэднія школы, часткова захаваўшы хіба ранейшыя назвы);
-- амаль поўнае зьнішчэньне гуманітарнага кампанэнту сярэдняй адукацыі (рэзкае зьніжэньне патрабаваньняў да ведаў у літаратуры, беларускай, расейскай і замежных мовах, гісторыі, скасаваньне важнага прадмету “Сусьветная і айчынная мастацкая культура”, радыкальнае скарачэньне псыхалягічнага і эканамічнага кампанэнтаў курсу грамадазнаўства);
-- істотнае паніжэньне ўзроўню ведаў выпускнікоў у матэматыцы, геаграфіі;
-- узмацненьне ідэалягізацыі зьместу літаратурнай, гістарычнай і грамадазнаўчай адукацыі;
-- далейшае пагаршэньне ўмоваў атрыманьня адукацыі не на расейскай мове (заплянаваная адсутнасьць шэрагу падручнікаў, іншых навучальных дапаможнікаў, у т.л. мультымэдыйных, на беларускай мове і на мовах нацыянальных мяншыняў);
-- абмежаваньне магчымасьцяў для пазакляснай творчай працы ў пазаўрочны час;
-- укараненьне ў навучэнцаў устаноўкі “лепш не высоўвацца, быць такім, як усе”, зьнішчэньне каштоўнаснай, гуманістычнай асновы выхаваньня й адукацыі.

У галовы новага пакаленьня школьнікаў амаль узаконена будуць убівацца такія рэчы, як: “няважна, як ты вучысься – галоўнае, на якой пасадзе ці які тоўсты кашалёк маюць твае бацькі”, “думай адно, гавары другое, рабі трэцяе”, “хочаш жыць, умей круціцца” і г.д.

Што да вышэйшай адукацыі, дык тут якраз ніякіх рэформаў не чакаецца. Чакаецца тое, што прынята называць ёмістым словам “стагнацыя”. Беларускія ўнівэрсытэты – а гэта мае зафіксаваць падрыхтаваны да прыняцьця праект Адукацыйнага кодэксу – надалей будуць пазбаўленыя правоў унутранага самакіраваньня, выбарнасьці рэктараў.

Значыць, наша вышэйшая адукацыя будзе ўсё больш аддаляцца ад стандартаў, прынятых у цывілізаваным грамадзтве. Значыць, студэнтам, якія хочуць самастойна фармаваць свой сьветапогляд, зноў у абавязковым парадку будуць падсоўвацца палітычна-каньюнктурныя мадэлі паводзінаў, будзе абмяжоўвацца іх свабодная творчасьць. У выніку сярод выпускнікоў ВНУ запануюць асобы з псыхалёгіяй падпарадкаванасьці, адсутнасьці якой-кольвечы ініцыятывы, а найчасьцей – банальнага прыстасаванства.

Трэба мець на ўвазе і тое, што ў беларускія ўнівэрсытэты будуць паступаць абітурыенты, якія не сваёю воляй зрабіліся ахвярамі вышэй апісанай школьнай рэформы. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да непазьбежнага паніжэньня агульнага роўню і вышэйшай адукацыі, і падрыхтоўкі будучых асьпірантаў і дактарантаў.

Як гэта адаб’ецца ў будучыні на самых розных сфэрах жыцьця пакаленьняў нашых дзяцей і ўнукаў, спрагназаваць няцяжка. За тое злачынства, якое робіцца сёньняшнімі ўладамі супраць іх, давядзецца, на жаль, адказваць не самім злачынцам, а ўсім нам...

Лявон Баршчэўскі,
адмыслова для “Віцебскага кур'ера”

22 студзеня 2010
Раздрукаваць


Па гэтай тэме:

партыя бнф
RSS падпiскаСтужка
навінаў у RSS
10.03.2010 15:17
 
Намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Канапацкі паведаміў БелаПАН, што большасьці прадстаўнікоў партыі адмаўляюць ва ўключэньні ва ўчастковыя выбарчыя ...
10.03.2010 10:42
 
Адказны сакратар Партыі БНФ, юрыст Уладзімер Лабковіч ня ўключаны ў склад участковай камісіі ў горадзе Менску. Уладзімер Лабковіч вылучаўся ад Партыі БНФ ў адну з участковых ...
6.03.2010 14:35
 
Партыя БНФ вылучыла 206 сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. У Менску вылучана 68 прадстаўнікоў.



Моладзь БНФ
Форум за незалежнасьць
Блёгi
Партнэрскія сайты

   
 
     
 
беларускі народны фронт
© 2002— 2009 Партыя БНФ.
Усе правы абароненыя.
навігацыя
г. Менск, пр. Машэрава, 8
а/c: 2200005
e-mail: pbnf@pbnf.org
тэл.: (17) 284-50-12
 
 
   
     
 
 
     
 
Design & Developed by Nick Antipov