Лявон Баршчэўскі. Год прайшоў: Спорт і культура
 Як абяцаў, развагі пра галоўныя вынікі 2009 году завяршу тэмамі беларускага спорту й беларускае культуры. Адразу зазначу, што паставіць культуру на апошняе месца не было маёй задумай. Але, разважаючы раней аб праекце дзяржаўнага бюджэту на 2010 год, я ўжо гаварыў пра незайздросную ролю падчаркі, якую мусіць выконваць культура ва ўсе гады кіраваньня цяперашняга рэжыму. Тыднёвік “Беларусы і рынак” з гэтай нагоды напісаў гранічна канкрэтна: “У спаборніцтве фізкультуры і культуры які ўжо раз выйграе фізкультура. На фізкультуру і спорт у бюджэце закладзена 186 мільярдаў Br, а на культуру – 180 мільярдаў...”
Беларускі спорт. Пішу гэтыя радкі назаўтра пасьля матчу зорак Кантынэнтальнай хакейнай лігі на новазбудаванай “Менск-арэне”. Мерапрыемствы такога кшталту заўсёды праводзяцца ў выглядзе шоў і маюць на мэце зрабіць дадатковую рэкляму лізе, хакеістам, трэнэрам і функцыянэрам. Як звычайна ў такіх выпадках, праходзяць невялікая ўрачыстая і больш працяглая мастацкая частка. Урачыстая частка менскай гульні пачалася з выхаду на разасланую на лёдзе дывановую дарожку дзьвюх колішніх супэрзорак канадзкага прафэсійнага хакею – Уэйна Грэцкі і Марка Мэсье. Абодва выступілі па паўтары хвіліны часу, павіталі ўдзельнікаў і выказалі падзяку Аляксандру Лукашэнку, які асабіста іх запрасіў у Менск і арганізаваў ім гасьцінную сустрэчу. Паколькі падзякі ніякім іншым спонсарам з боку канадзкіх зорак не прагучала, можна здагадацца, што выдаткі (безумоўна, немалыя) прафінансаваў сам Лукашэнка: вядома ж, з сваёй кішэні... Потым слова на “Менск-арэне” атрымалі знакамітыя ў мінулым расейскія хакеісты, яны ж цяпер і высокапастаўленыя расейскія спартовыя функцыянэры, Вячаслаў Фяцісаў і Ўладзіслаў Трацьцяк. Трэба аддаць належнае: іх прывітаньні таксама не перавысілі паўтары-дзьвюх хвілінаў. Затое пасьля на дывановай дарожцы ў суправаджэньні ахоўнікаў зьявіўся найвышэйшы кіраўнік Беларусі, выцягнуў з кішэні паперку і ашчасьлівіў хакейных заўзятараў сваёй амаль 15-хвіліннай прамовай, якая цалкам стасавалася з жанрам палітычнай самарэклямы... Ну і, як заўсёды, ягонае зьяўленьне на публіцы не абышлося без стварэньня праблемаў тым, хто прыбыў у “Менск-арэну” на сьвята. Расейскі “Спорт-экспресс” напісаў:
“...Неприятный момент пришлось ощутить на себе зрителям и журналистам, пытавшимся попасть на свои места во время выступления главы государства. Их "вежливо" попросили подождать со входом на сектора минут 10 - 15, пока Лукашенко не закончит свою речь. А с учетом того, что на самой арене представители прессы были лишены нормальных условий для работы (оборудовать розетки и столы для ноутбуков на "Минск-Арене" попросту еще не успели) и им приходилось не раз отлучаться в пресс-центр для подзарядки компьютерных аккумуляторов, выполнять требования президентской охраны было ох как тяжело”.
Пабудова “Менск-арэны”, шыкоўнага спартовага комплексу, каштавала краіне велізарных сродкаў. Разьлічаная на больш як 16 тысячаў гледачоў хакейная арэна пасьля матчу зорак, што прайшоў 30 студзеня, ня мае шанцаў ні на якіх матчах менскага “Дынама” ці, тым больш, нацыянальнага чэмпіянату Беларусі запаўняцца нават напалову – значыць, пытаньне самаакупляльнасьці аб’екту ніхто і ня ставіў. Сумнеўна, што можна будзе казаць пра самаакупляльнасьць чарговых лядовых палацаў, якія, зь ініцыятывы ўлады, цяпер будуюць ужо нават у невялікіх раённых цэнтрах. Відавочна, што Беларусь – не Канада і не Расея, і хакей ці фігурнае катаньне тут ніколі ня могуць зрабіцца нацыянальнымі відамі спорту. Але, як жартуюць злыя языкі, “наступны прэзыдэнт, можа, акажацца аматарам боўлінгу – тады кінем будаваць лядовыя палацы й пераключымся на боўлінг-цэнтры”.
Калі ж сур’ёзна, беларускі спорт мае багатыя традыцыі ды адпаведныя трэнэрскія школы ў такіх відах спорту, як спартовая і мастацкая гімнастыка, лёгкая атлетыка (найперш некаторыя бегавыя і кідальныя дысцыпліны), веславаньне на байдарках і каноэ, фрыстайл... Але ўсё гэта паступова занепадае, бо кіраўніку краіны гэта ня так цікава, як ганяць шайбу, рабіць чарговыя шоў з “прэзыдэнцкай камандай”... Вось і дачакаліся мы весткі, што алімпійскі чэмпіён 1980 году, шматразовы пераможца чэмпіянатаў Эўропы, сьвету і СССР беларускі вясьляр Уладзімір Парфяновіч запрошаны працаваць трэнэрам зборнай Расеі ў веславаньні на байдарках і каноэ. У Беларусі яму месца не знайшлося – і прычына ня толькі ў тым, што гэты від спорту тут цяпер ня мае ранейшай увагі функцыянэраў. Рэч у тым, што некалькі гадоў таму Ўладзімір Парфяновіч быў дэпутатам “Палаты прадстаўнікоў” і адным зь нямногіх, хто наважваўся крытыкаваць А.Лукашэнку па шэрагу пытаньняў, у тым ліку за тое, як улада праводзіць “выбары”. А ў такой супэрдэмакратычнай краіне, як цяперашняя Беларусь, крытыкаваць кіраўніка не дазволена нават алімпійскаму чэмпіёну (у дужках заўважым, што пяціразовы алімпійскі чэмпіён у спартовай гімнастыцы Віталь Шчэрба, некаторыя іншыя знакамітыя ў мінулым спартсмэны ўжо даўно таксама жывуць і працуюць за мяжою – хто ў ЗША, хто ў Германіі, хто ў Гішпаніі...).
Адным словам, беларускі спорт усё больш ператвараецца ў “арэну аднаго спартсмэна”, і мы, як кажуць, ведаем імя гэтага “спартсмэна”...
Культура. Матчу хакейных зорак у Менску папярэднічала мастацкая частка – лязэрнае відэа-шоў і выступ групы сучаснага балету, наагул зробленыя на досыць высокім прафэсійным узроўні. Але...
Прыгадваюцца ўрачыстыя цырымоніі адкрыцьця буйных спартовых спаборніцтваў апошніх 10—12 гадоў, футбольныя чэмпіянаты сьвету ў Японіі ды Паўднёвай Карэі, алімпіяды ў Афінах і Пэкіне, зімовыя алімпійскія гульні ў Нагана, Солт-Лейк-Сыты, Турыне... Арганізатары цырымоніяў ведалі, што аўдыторыя гэтых імпрэзаў разам з тэлегледачамі складае многія мільёны й нават мільярды людзей. Звычайны чалавек, паглядзеўшы іх хоць бы ў тэлевізары, куды больш даведваўся пра гісторыю і традыцыйную культуру японцаў, карэйцаў, паўночнаамэрыканцаў, грэкаў, італьянцаў ці кітайцаў. І гэта пры тым, што гісторыю й культуру названых народаў у той ці іншай меры вывучаюць гісторыкі, мастацтвазнаўцы, студэнты і нават школьнікі практычна ва ўсім сёньняшнім сьвеце.
Шоў 30 студзеня зь Менску трансьлявалася таксама не на адну краіну, ды лішне казаць, што нічога аўтэнтычна-беларускага ў гэтым шоў не праглядалася. Як яго збольшага не праглядаецца і ў выступах прадстаўнікоў Беларусі на розных “раскручаных” міжнародных імпрэзах кшталту дарослага й дзіцячага конкурсаў “Эўрабачаньня”, фэстываляў кшталту “Сакавіка” ці нават “Славянскага базару”. Асобныя выключэньні, як кажуць, тут пагоды ня робяць.
У пачатку мінулага году беларускія СМІ, найперш незалежныя, паведамілі сэнсацыйную навіну: беларускі Акадэмічны тэатар опэры й балету пакінуў ягоны кіраўнік, легендарны балетмайстар, пастаноўшчык вядомых далёка за межамі Беларусі спэктакляў “Рагнеда”, “Стварэньне сьвету”, “Карміна Бурана”,“Тыль Уленшпігель” Валянцін Елізар’еў. На адмысловай прэс-канфэрэнцыі маэстра патлумачыў прычыны канфлікту з уладамі. Цытую яго апублікаваныя выказваньні: “Сказаць, што гэта проста канфлікт мастака з чыноўнікамі – гэта нічога не сказаць... Гэта кашмар тое, што гэтыя 3,5 гады рабілі опэра і балет у Доме афіцэраў і Палацы рэспублікі, якія не прыстасаваныя для тэатральных відовішчаў. Цалкам дзівосна і мужна сябе паводзілі артысты, калі працягвалі працаваць у такіх умовах... Я думаю, што пытанне з артыстамі ёсьць самым галоўным. На жаль, і ў нас, і ў іншых тэатрах адбываецца адток кадраў. Адбываецца гэта з-за нізкага ўзроўню аплаты працы. Я напісаў ліст Лукашэнку. Ён адгукнуўся і выдаў указ аб падвышэньні заробкаў на 75%. Але чамусьці да тэатру дайшлі 45% і чамусьці на тарыфную сетку, на штатны расклад. І заслужаная артыстка атрымлівае такі ж дадатак да заробку, як і чалавек, які толькі што прыйшоў у тэатар. Увогуле, няма справядлівасьці. Не разумее міністар культуры, што можна пабудаваць будынак тэатру, але загубіць мастацкі калектыў... Усе гады працы ў Беларусі я адмаўляўся ад прапановаў працаваць за мяжой, каб не тыражаваць свае спэктаклі, пастаўленыя на беларускай сцэне. Пры гэтым толькі за 2008 год тэатар балету прынёс дзяржаве чыстага прыбытку ня менш за 120 тысячаў даляраў”.
У сярэдзіне мінулага году міністар культуры ў Беларусі памяняўся, але не памянялася стаўленьне ўлады да праблемаў культуры, якія – нібы ў тым люстэрку – адбіліся ў выказваньнях маэстра Елізар’ева.
Постскрыптум. У лістападзе 2009 году беларуская прэса паведаміла, што Валянцін Елізар’еў рыхтуе ў Каіры пастаноўку, прысьвечаную 120-годзьдзю каірскага балету. Прэм’ера мае адбыцца на пачатку лютага 2010 году. Між тым, мара Валянціна Елізар’ева паставіць упершыню ў сьвеце балет “Клеапатра” на музыку В.Кузьняцова на беларускай сцэне так і застаецца марай...
Лявон Баршчэўскі
(адмыслова для “Віцебскага кур’еру”)
Па гэтай тэме:
|
 |
10.03.2010 15:17 |
| |
Намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Канапацкі паведаміў БелаПАН, што большасьці прадстаўнікоў партыі адмаўляюць ва ўключэньні ва ўчастковыя выбарчыя ... |
10.03.2010 10:42 |
| |
Адказны сакратар Партыі БНФ, юрыст Уладзімер Лабковіч ня ўключаны ў склад участковай камісіі ў горадзе Менску. Уладзімер Лабковіч вылучаўся ад Партыі БНФ ў адну з участковых ... |
6.03.2010 14:35 |
| |
Партыя БНФ вылучыла 206 сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. У Менску вылучана 68 прадстаўнікоў. |
|