
Акцыя салідарнасьці зь зьняволенымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам працягнулася літаральна дзьве-тры хвіліны і была жорстка разагнаная спэцназаўцамі. Удзельнікаў затрымалі.
Як толькі маладыя людзі сталі з партрэтамі Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі, да іх адразу падбеглі спэцназаўцы ў цывільным і форме. Яны паклікалі міліцыянта з гукаўзмацняльнікам, але ён пасьпеў толькі сказаць «мы вас папярэджваем, што акцыя несанкцыянаваная, будуць ужытыя меры». Тут адразу пад’ехаў адзін аўтобус, за ім другі, маладыя людзі селі на брук, але іх кожнага схапілі па два-тры спэцназаўцы і зацягнулі ў аўтобусы.
Затрыманыя — прадстаўнікі «Маладога фронту», кампаніі «Эўрапейская Беларусь», «Маладая Беларусь». Сярод затрыманых старшыня Моладзі БНФ Андрусь Крэчка і сябра Моладзі БНФ Павел Чудук.
Некаторыя паплечнікі затрыманых не пасьпелі далучыцца да ланцугу, і цяпер высьвятляюць, дзе іх сябры. Паводле папярэдніх зьвестак, затрыманых павезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску. Невядома, ці на іх складуць пратаколы або перапішуць прозьвішчы і адпусьцяць. Калі людзей затрымаюць больш як на тры гадзіны, то заўтра іх чакае суд.
Паводле Радыё Свабода