Праграма й статут
Стратэгічная плятформа Партыі БНФ Прынятая VI Зьездам 1 сьнежня 2002 г.
ПАРТЫЯ БНФ
Партыя БНФ - палітычная сіла, якая пасьлядоўна бароніць БЕЛАРУСКІЯ ІНТАРЭСЫ: інтарэсы беларускага народу й незалежнае беларускае дзяржавы. Галоўная мэта Партыі БНФ -- свабодны чалавек у незалежнай эўрапейскай Беларусі. Партыя БНФ імкнецца: - да СВАБОДЫ, а менавіта да стварэньня дэмакратычнае супольнасьці адказных грамадзянаў; - да НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ, якая павінна быць незваротнай і надзейна абароненай; - да ДАБРАБЫТУ, да эканамічнага вызваленьня людзей праз гарантыі для прыватнай уласнасьці; - да АДРАДЖЭНЬНЯ, да аднаўленьня беларускае культурнае традыцыі на грунце эўрапейскіх маральных каштоўнасьцяў. Партыя БНФ -- за ЭЎРАПЕЙСКІ ВЫБАР Беларусі. Погляды Партыі БНФ знаходзяцца ў рэчышчы агульнаэўрапейскай народнай, кансэрватыўнай і хрысьціянска-дэмакратычнай ідэйнай традыцыі.
НАШЫЯ КАШТОЎНАСЬЦІ
Свабода й годнасьць Чалавек ёсьць галоўнаю каштоўнасьцю, а ягонае жыцыцё - найвышэйшым дарункам. Павага да асобы, да яе годнасьці, да яе жыцьця й свабоды, яе правоў і ўласнасьці палягае ў аснову ўсіх нашых перакананьняў, выказваньняў і дзеяньняў.
Незалежнасьць Найвялікшым дасягненьнем беларускага народу ў ХХ ст. ёсьць утварэньне нацыянальнае дзяржавы. Толькі ў сваёй дзяржаве народ можа дасягнуць культурнага й эканамічнага росквіту, рэалізаваць свае здольнасьці і магчымасцьці. Таму свабоднае разьвіцьцё нацыянальнай дзяржавы, умацаваньне ў ёй справядлівага, дэмакратычнага ладу й адстойваньне незалежнасьці гэтае дзяржавы ёсьць для нас важнейшаю каштоўнасьцю. Свабодная асоба ў незалежнай дзяржаве - чыньнікі безь якіх няма сучаснай эўрапейскай цывілізацыі.
Беларуская культурная традыцыя Беларуская культурная традыцыя гістарычна пабудаваная на такіх эўрапейскіх прынцыпах, як рэлігійная і ідэалягічная талеранцыя, павага да асобы, яе правоў і ўласнасьці, шанаваньне законаў. Ідэі патрыятызму, гуманізму й свабодалюбства былі сфармуляваныя на беларускай глебе ўжо ў першых друкаваных тэкстах Скарыны й дзяржаўных Статутаў. Таму Партыя БНФ лічыць беларускую культурную традыцыю за падставу для будовы нацыянальнае дзяржавы й развою грамадзянскай супольнасьці й бачыць сваю дзейнасьць гістарычным працягам гэтае традыцыі.
Сям'я Сям'я ёсьць натуральнай і важкай адзінкаю грамадзтва. Сям'я забясыіечвае захаваньне нацыянальных культурных традыцыяў і маральных каштоўнасьцяў, у асяродзьдзі сям'і адбываеца першаснае выхаваньне й фармаваньне асобы. Сям'я ёсьць таксама тым сацыяльным інстытутам, што спрыяе захаваньню псыхалягічнага камфорту, выступае пасярэднікам паміж грамадзтвам і асобай. Ад трываласьці сем'яў у значнай ступені залежыць стабільнасьць грамадзтва.
Прыватная ўласнасьць Права на ўласнасьць - адно зь неад'емных правоў асобы. Прыватная ўласнасьць - гэта шлях да дабрабыту й стабільнасьці для кожнага й для грамадзтва ў цэлым. Толькі эканамічна самастойны чалавек можа быць па-сапраўднаму годным й свабодным сябрам дэмакратычнага грамадзтва. Таму мы пасьлядоўна падтрымліваем прынцыпы прыватнай уласнасьці і рынкавай эканомікі.
Маральнасьць Мы лічым, што эўрапейская маральнасьць і гуманізм, павінны быць асноваю дзейнасьці дзяржавы, палітычных партый, грамадзкіх арганізацый, эканамічных структур і грамадзянаў. Толькі з заснаванага на маральных каштоўнасьцях сьветапогляду вынікаюць такія кардынальныя палітычныя прынцыпы як павага да годнасьці чалавечае асобы, неўмяшальніцтва дзяржавы ў прыватнае жыцьцё, права сувэрэнных грамадзянаў на ўласнасьць, на самаарганізацыю і грамадзянскія ініцыятывы. Таму мы не прымаем палітыкі без маралі. Прынцып маральнасьці палітыкі ўгрунтаваны ў нашую культурную традыцыю, ён базуецца на каштоўнасьцях нашых продкаў.
Справядлівасьць Аснова сацыяльнай справядлівасьці - роўнасьць усіх людзей, павага іх годнасьці і свабоды. Свабода і годнасьць чалавека не залежаць ад ягоных здольнасьцяў, сацыяльнага становішча, рэлігійнай, расавай, полавай ці нацыянальнай прыналежнасьці. Сацыяльная справядлівасьць палягае ў недыскрымінацыі чалавека і стварэньні роўных умоваў для рэалізацыі ягоных здольнасьцяў і ініцыятывы. Дапамога састарэлым, нямоглым і хворым людзям, клопат пра дзяцей - абавязак кожнага цывілізаванага грамадзтва.
НАШЫЯ ПЕРАКАНАНЬНІ
Правы й свабоды -- Асабістая свабода кожнага, правы чалавека й грамадзянскія свабоды павінны быць надзейна абароненыя дзяржавай і шанавацца адказнымі грамадзянамі. -- Свабода слова й перакананьняў -- найлепшы спосаб кантролю грамадзтва над уладай. -- Сацыяльныя правы рэальна дасягаюцца ў свабодным грамадзтве й ва ўмовах вольнага рынку.
Беларуская дзяржава -- Мы за дакладны падзел паўнамоцтваў паміж заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладамі, кожная зь якіх падкантрольная іншым, а таксама грамадзтву. -- Беларусь павінна быць парлямэнцкай рэспублікай. Мы за зьмешаную (мажарытарна-прапарцыйную) сыстэму выбараў у парлямэнт. -- Пасада прэзыдэнта можа быць толькі прадстаўнічай. Кіраўніком выканаўчай улады павінен быць прэм'ер-міністар, якога прызначае парлямэнт. -- Суды ўсіх роўняў павінны быць рэальна незалежнымі ад выканаўчай улады. -- Мы за ўвядзеньне судоў прысяжных. -- Мы за моцную, паважаную, забясьпечаную ўсім неабходным паліцыю, якая вартуе закон i парадак, а не распраўляецца зь iншадумцамi. -- Мясцовыя самакіраваньні й кіраўнікі мясцовай выканаўчай улады павінны непасрэдна выбірацца насельніцтвам і распараджацца рэальным бюджэтам.
Эканоміка -- Мэта эканамічнае палітыкі Партыі БНФ -- дабрабыт людзей. -- Мы за моцны вольны рынак у моцнай незалежнай дзяржаве. Пабудова рынкавай эканомікі падвысіць эфэктыўнасьць вытворчасьці жыцьцёвы ўзровень народу, зраўняе нас зь іншымі эўрапейскімі краінамі й дазволіць уступіць у Эўрапейскі Зьвяз. • Мы за прыняцьцё заканадаўчых актаў, неабходных для функцыянаваньня рынкавых мэханізмаў, прыватнай уласнасьці на сродкі вытворчасьці й зямлю., • Мы за шырокае разьвіцьцё прадпрымальніцтва, малога й сярэдняга бізнэсу, за лібэралізацыю цэнаў, зьнешнеэканамічнай і валютнай палітыкі. • Мы за рэфармаваньне падатковай сыстэмы на карысьць вытворцаў i прадпрымальнiкаў. -- Мы за незалежнасьць ад выканаўчай улады Нацыянальнага банку й узмацненьне ўстойлівасьці камэрцыйных банкаў. -- Мы за падаўленьне інфляцыі, стабілізацыя нацыянальнай грашовай адзінкі ў выглядзе талера з доўгатэрміновай мэтай уваходу ў зону эўра. -- Бюджэтная палітыка павінна вызначацца парлямэнтам краіны й быць празрыстай, структура бюджэту мае быць падначаленай прынцыпам фармаваньня рынкавай эканомікі й спрыяць яе разьвіцьцю. -- Мы лічым галоўнай мэтай прарыў беларускіх прадпрыемстваў да сучасных тэхналёгіяў і менэджменту. Толькі вырабляючы высокатэхналягічную, запатрабаваную на сусьветным рынку прадукцыю, нашы грамадзяне могуць разлічваць на падвышэньне ўзроўню жыцця. Неабходна карэнным чынам зьмяніць інвэстыцыйны клімат у краіне. -- Зямельная рэформа павiнна аднавiць гаспадара на зямлі шляхам прыняцьця новага зямельнага кодэксу і закона аб прыватнай уласнасьці на зямлю. У прыватную ўласнасьць можа быць перададзена бальшыня земляў сельскагаспадарчага прызначэньня.
Сацыяльная палiтыка -- Партыя БНФ за адрасную сацыяльную палітыку, скіраваную на падтрымку неабароненых катэгорыяў насельніцтва, за кошт сродкаў дзяржаўнага й мясцовых бюджэтаў, пры агульнай скіраванасьці рэформаў на стварэньне новых эфэктыўных працоўных месцаў для працаздольных. -- Неабходна ў сьціслыя тэрміны ажыцьцявіць пераход да сацыяльнага страхаваньня -- у першую чаргу пэнсійнага, мэдычнага, на выпадак беспрацоўя. -- Дзяржава гарантуе роўны доступ грамадзян да адукацыі. Прымусовае разьмеркаваньне выпускнікоў парушае правы чалавека й павінна быць адмененае ў першачарговым парадку. -- Ахова здароўя у Беларусі - гэта адна з найвастрэйшых палітычных праблемаў. Яе рашэньне магчымае пры істотным эканамічным росьце і цесным міжнародным супрацоўніцтве, перш за ўсё з краінамі Эўразьвязу, якія валодаюць неабходнымі тэхналагічнымі і фінансавымі рэсурсамі. БНФ "Адраджэньне" выступае за мэдыцынскія льготы для пэнсіянэраў. -- Сёньня жыцьцёва неабходная падтрымка маладых сем'яў зь дзецьмі. -- Жыльлёвая палітыка павінна быць зарыентаваная пераважна на будаўніцтва індывідуальнага жыльля. Для забясьпячэньня фінансавых магчымасьцяў такога будаўніцтва павінны быць створаныя спэцыялізаваныя іпатэчныя банкі. -- Фінансаваньне адраджэньня культуры, разьвіцьця нацыянальнае навукі, адукацыі, аховы здароўя належыць да найважнейшых элемэнтаў стратэгіі нацыянальнае бясьпекі.
Гуманiтарная й культурная палiтыка -- Палітыка дзяржавы у навуковай сфэры павінна абмяжоўвацца функцыямі фінансавай падтрымкі вядучых навуковых школаў і кірункаў, што разьвіваюцца на канкурэнтаздольнай аснове. Зьмест і накіраванасьць навуковай дзейнасьці вызначаецца самой навуковай супольнасьцю. -- Мы за вяртаньне беларускай мове рэальнага статусу адзінай дзяржаўнай i заканадаўчае вызначэньне статусу моваў нацыянальных мяншыняў.
Экалягiчная палiтыка Мы за: • вяртаньне да разгляду й ажыцьцяўленьня праграмы кампактнага перасяленьня людзей з забруджаных раёнаў; • вывад з сельскагаспадарчага карыстаньня усе забруджаныя радыяактыўнымі рэчывамі землі, на якіх немагчыма атрымоўваць чыстую прадукцыю; • хутчэйшае далучэньне Беларусі да экалягічных праграмаў Эўрапейскага Зьвязу.
Месца Беларусi ў сьвеце Міжнародная палітыка Беларусі павінна грунтавацца на аснове нашых нацыянальных інтарэсаў, спрыяць нашаму эканамічнаму й палітычнаму разьвіцьцю, забясьпечваць міжнародны аўтарытэт і нацыянальную бясьпеку дзяржавы. Мы бачым будучыню Беларусі ў Эўрапейскім Зьвязе. Гэта для нас азначае гарантыі нацыянальнай бясьпекі, дабрабыту, захаваньня нацыянальных інтарэсаў і каштоўнасьцяў. Мы ставім у якасьці практычнае мэты як мага хутчэйшае выкананьне Беларусьсю ўсіх дзяржаўна-праўных і эканамічных крытэраў уступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз. Мы бачым будучыню Беларусі ў наймацнейшым у сьвеце і ўгрунтаваным на супольных каштоўнасьцях абарончым паразуменьні - Арганізацыі Паўночнаатлянтычнае дамовы (NАТО). Мы маем намер ладзіць супрацу з Расейскай Фэдэрацыяй на падставе безумоўнае павагі зь яе боку да права Беларусі быць незалежнаю эўрапейскаю дзяржаваю. Дзеля нармалізацыі стасункаў з Расеяй трэба пераадолець стэрэатыпы гісторыі, перайсьці да роўных і прагматычных узаемавыгадных дачыненьняў, перадусім у галіне эканомікі й міжрэгіянальнай супрацы. Палітыка Беларусі павінна весьці да зьмяншэньня яе манапольнай палітычнай, вайсковай, эканамічнай залежнасьці ад Расеі. Прыярытэтам на бліжэйшы час пасьля ўзнаўленьня дэмакратыі будзе адбудова шчыльнай супрацы з найбліжэйшымі суседзямі Беларусі - Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй.
ЗАДАЧЫ Й МЭТАДЫ Найблiжэйшаю задачаю Партыi БНФ ёсьць кансалiдацыя беларускага грамадзтва дзеля ўхiленьня антыдэмакратычнае сыстэмы ўлады, якая нiшчыць падвалiны сувэрэнiтэту краiны й нацыянальна-культурную пэрспэктыву беларускага народу.
Дзеля выкананьня гэтае задачы неабходна: • мацаваць арганiзацыйныя структуры Партыi БНФ з мэтай выкарыстаньня iх як каналаў данясеньня да розных пластоў грамадзтва аб'ектыўнай iнфармацыi; • узмацняць уплыў Партыi БНФ на iнтэлектуальныя й кiраўнiцкiя элiты; • рыхтаваць канцэпцыi й законапраекты для хуткай рэалiзацыi пасьля дасягненьня дэмакратыi ў краiне; • рыхтаваць кадры для заканадаўчай дзейнасьцi, для выканаўчай улады ўсiх узроўняў i самакiраваньняў; • выкарыстоўваць выбарчыя кампанii як спосаб актывiзацыi грамадзтва й пастаноўкi перад iм асноўнага палiтычнага пытаньня - пра лёс дэмакратыi й незалежнасьцi краiны; • уздымаць сацыяльныя пытаньнi ды ўзначальваць акцыi сацыяльнага пратэсту з мэтай канцэнтрацыi грамадзкай энэргii, скiраванай на зьмены; • фармаваць каалiцыю адказных i моцных палiтычных i грамадзкiх структураў дзеля супольнага ладжаньня кампанiяў, у тым лiку выбарчых, на аснове агульных каштоўнасьцяў незалежнасьцi й дэмакратыi; • весьцi актыўную мiжнародную палiтыку, скiраваную на iнфармаваньне нашых эўраатлянтычных партнэраў пра волю значнае часткi беларускага народу да незалежнае дзяржаўнасьцi, далучэньня да Эўрапейскага Зьвязу й NATO. Кампанii мясцовых, парлямэнцкiх i прэзыдэнцкiх выбараў даюць магчымасьць паступовага нарастаньня iнфармацыйнае працы сярод найшырэйшых колаў насельнiцтва, а таксама сярод элiтаў. Мы разглядаем гэтыя кампанii як магчымасць умацаваць уплыў iдэалёгii Партыi БНФ у грамадзтве i папулярызацыi актывiстаў Партыi БНФ як патэнцыйных лiдэраў. Менавiта падчас выбарчых кампанiяў альбо ў сувязi зь iмi належыць чакаць узроўню актывiзацыi грамадзтва, неабходнага для зьменаў. У новай сытуацыi роля Партыi БНФ у параўнаньнi з роляю руху БНФ "Адраджэньне" iстотна павялiчваецца. Менавiта партыя, як iдэйна й арганiзацыйна скансалiдаваная структура, можа дакладна фармуляваць свае мэты й задачы ды быць цэнтрам кансалiдацыi дэмакратычных i незалежнiцкiх сiлаў краiны ў эфэктыўнай каалiцыi. |
|
 |
10.03.2010 15:17 |
| |
Намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Канапацкі паведаміў БелаПАН, што большасьці прадстаўнікоў партыі адмаўляюць ва ўключэньні ва ўчастковыя выбарчыя ... |
10.03.2010 10:42 |
| |
Адказны сакратар Партыі БНФ, юрыст Уладзімер Лабковіч ня ўключаны ў склад участковай камісіі ў горадзе Менску. Уладзімер Лабковіч вылучаўся ад Партыі БНФ ў адну з участковых ... |
6.03.2010 14:35 |
| |
Партыя БНФ вылучыла 206 сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. У Менску вылучана 68 прадстаўнікоў. |
|